Псіхіятрычная медыцына “ратуе” нязгодных з уладай
У жыхара вёскі Вялікая Гаць Івацэвіцкага раёна Валянціна Кавальчука ёсць падставы не давяраць беларускай псіхіятрычнай медыцыне. Ужо год ён мае дыягназ “брэдавае расстройства”, пастаўлены псіхіятрамі лякарні ў Магілёўцах. У шпіталі ён прабыў тыдзень, і яму не зрабілі патрэбнага абследавання. А завезлі яго туды ў мінулым годзе супрацоўнікі Івацэвіцкай міліцыі за тое, што пісаў шмат скаргаў на ўладу. Валянцін Кавальчук год змагаецца за зняццё дыягназу і пакаранне ўсіх, датычных да парушэння яго правоў:
– Паводле законаў псіхіятрыі, чалавека прымусова могуць туды везці, калі ў яго ўжо зафіксавана хвароба. Ні ў адной картачцы – нідзе няма, што мне раней ставілі нейкі такі дыягназ. Таму не мелі права мяне прымусова везці ў абласную псіхіятрычную бальніцу ў Магілёўцах, тым больш без папярэджанняў, не сказаўшы праўды. Гэта першае парушэнне. Другое парушэнне – не меў права санкцыю даваць раённы пракурор Колбік Ігар.
Праваабаронца Сяржук Русецкі лічыць, што ў Беларусь вярнуліся брэжнеўскія часы ў пакаранні нязгодных:
– Прыклад брэжнеўскіх часоў, калі людзей, якія не пагаджаліся ў нечым з уладай, накіроўвалі на псіхіятрычнае лячэнне. У дадзеным выпадку мы бачым, што калі вырашылі, што чалавек шмат скардзіцца, то можна асадзіць яго такім чынам.
Паводле слоў Кавальчука, цяпер высвятляецца, што яму давалі псіхатропныя лекі, хоць ў выпісцы напісана, што лячэння не патрабуецца.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя