На пікеце Губарэвіча невядомы парэзаў нацыянальны сцяг



На пікет па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у парламент намесніка старшыні Руху „За свабоду” Юрася Губарэвіча ў Менску здейснены чарговы напад. Гэта зрабіў мужчына гадоў 45 – 50. Яго асоба пакуль не высветлена. Але на месцы здарэння працуе следчая група.

Подпісы на вуліцы Гінтаўта ў мікрараёне Уручча збіраў актывіст Руху Зміцер Траццяк. На пікеце выкарыстоўваўся беларускі нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг. Відавочна, гэта, а таксама прыналежнасць кандыдата да апазіцыйнай арганізацыі, і выклікала агрэсію невядомага, – лічыць Юрась Губарэвіч.

– Ён падыходзіў некалькі разоў. Першы раз, каб спытаць, каго прадстаўляе кандыдат. І другі раз, напэўна, схадзіўшы дадому за нажом, ці за нейкім іншым вострым прадметам, ён падыйшоў да сцяга і парэзаў яго напалову. Пры гэтым ён выкрыкаваў нейкія словы, якія сведчылі пра яго агрэсію да нацыянальнай сімволікі, і да таго, што адбываецца збор подпісаў за прадстаўніка Руху “За свабоду”.

Удзельнікам пікетавання затрымаць нападніка не ўдалося. Справа зараз за супрацоўнікамі міліцыі, – сказаў Юрась Губарэвіч. Палітык нагадаў, што гэта ўжо не першы напад на яго перадвыбарчыя групы. Раней у Менску ў мікрараёне Усход на вуліцы Каліноўскага нецвярозыя маладыя людзі напалі на ўдзельнікаў пікету па зборы подпісаў за Губарэвіча. Яны былі затрыманы міліцыяй. Справа ўжо расследавана і рыхтуецца да перадачы ў суд, – сказаў Юрась Губарэвіч.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя