Уладзімір Кацора: Улада не прайшла тэст на дэмакратычныя перамены (абноўлена)
Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Кацора ставіць пад пытанне фармат свайго ўдзелу ў парламенцкай кампаніі. Партыйны актывіст планаваў удзельнічаць у выбарах у якасці кандыдата ў дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў па Сельмашаўскай акрузе Гомеля. Аднак пасля неўключэння прадстаўнікоў Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў склад участковых камісіяў Уладзімір Кацора гаворыць, што ягонага прозвішча ў бюлетэні не будзе.
– Улада не прайшла галоўны тэст на тое, ці будуць выбары свадобнымі і адкрытымі. Далей я адназначна кажу, што ў бюлетэні для галасавання майго прозвішча не будзе. Калі зарэгіструюць на нейкім этапе – абавязкова здыму сваю кандыдатуру, зрабіўшы ўсё магчымае, каб папрацаваць у гэтай, ужо для нас не выбарчай, а палітычнай кампаніі, якую ўлады называюць выбары.
Уладзімір Кацора звяртаўся ў адміністрацыю Чыгуначнага раёну з патрабаваннем уключыць трыццаць чатырох ягоных прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісіяў па Сельмашаўскай акрузе. Паводле апазіцыянера, толькі ўключэнне прадстаўнікоў апазіцыі ў склад камісіяў маглі зрабіць выбары легітымнымі. Аднак з прапанаваных прадстаўнікоў толькі адзін прайшоў у склад камісіі.
* * *
„Улада не прайшла галоўны тэст на свабодныя і дэмакратычныя выбары”, – так лічыць прэтэндэнт у кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Кацора. Паводле сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, неўключэнне прадстаўнікоў апазіцыйных структураў ва ўчастковыя камісіі сведчыць пра нежаданне ўладаў ісці на дэмакратычныя перамены.
– Улада не ўключыла, можна сказаць нікога, бо адзін з 34-х – гэта ніхто, у склад камісіяў. Фармулёўкі, якія гучалі ў характарыстыках на тых людзей, якіх уключалі, такія: займае актыўную пазіцыю ў грамадска-палітычным жыцці раёна. А тыя людзі, якіх мы прадстаўляем, – яны што, не займаюць актыўную грамадска-палітычную пазіцыю? Яшчэ больш актыўную займаюць. Многія з іх паплаціліся працаў, вучобай за тое, што займаюць такую актыўную пазіцыю.
Уладзімір Кацора збіраецца балатавацца па Сельмашаўскай акрузе. Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі прапанаваў 34 прадстаўнікі ў склад участковых камісіяў. З іх уключылі толькі аднаго чалавека.
Беларускае Радыё Рацыя