Маніторынг БАЖу: У дзяржаўных СМІ выбары амаль адсутнічаюць
Лідзія Ярмошына і Аляксандр Лазавік – галоўныя спікеры дзяржаўных медыя ў справе парламенцкіх выбраў. Гэта вынікае з першага этапу маніторынгу «Асвятленне парламенцкіх выбараў у беларускіх СМІ», які праводзіць «Беларуская асацыяцыя журналістаў». У дзяржаўных СМІ выбары амаль не заўважныя, а галоўныя дзеючыя асобы – прадстаўнікі Цэнтрвыбарку ды камісій розных узроўняў, – заўважае кіраўнік службы маніторынгу БАЖ Алесь Анціпенка.
– Лідзія Ярмошына, можна сказаць, тэлезорка. Яна, безумоўна, рэпрэзентуе Цэнтральную выбарчую камісію. Хаця спадар Лазавік таксама прысутнічае на рэгіянальных тэлеканалах, напрыклад, у Віцебску праводзіўся семінар, і ён таксама прамаўляў у “Віцебскім весніку”. Але галоўная асоба гэта, безумоўна, – спадарыня Ярмошына.
Пры гэтым дзяржаўныя медыя нічога не гавораць пра палітычныя партыі, якія ўдзельнічаюць у выбарах, і не называюць прозвішчы кандыдатаў, за выключэннем тых выпадкаў, калі рэкламуюць па сутнасці праўладнага кандыдата – заўважае адмыслоўца.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя