Нарвегія хоча падарыць Фінляндыі гару



Пік гары Халці, якая знаходзіцца зараз на тэрыторыі Нарвегіі, стане сама высокім пунктам Фінляндыі, калі Осла прыме рашэнне перадаць вяршыню суседняй дзяржаве.

У 2017-ым годзе Фінляндыя будзе адзначаць 100-ыя ўгодкі незалежнасці ад Расейскай імперыі.  Нарвегія разглядае магчымасць падарыць суседзям адну з гораў – паведамляе нарвежскае выданне NRK.

З прапановай перасунуць мяжу на 40 метраў, каб адзін з пікаў апынуўся на тэрыторыі Фінляндыі, выступіў муніцыпалітэт нарвежскай камуны Каф’ёрд.

Прэм’ер Нарвегіі Эрна Сольберг пацвердзіла, што ініцыятыва паступіла на разгляд ураду. Пры гэтым яна выказалася, што яшчэ не сфармавала ўласнай пазіцыі.

У гары Халці два пікі – адзін вышынёй 1324 м, іншы – 1361. Калі нарвежскі ўрад прыме рашэнне перадаць меншы з іх, то пік вышынёй 1324 метраў стане сама высокім пунктам Фінляндыі.

Беларускае Радыё Рацыя

фота nrk.no/KUGO