Пуцін расфармаваў „Крымскую федэральную акругу”



28 ліпеня Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб расфармаванні „Крымскай федэральнай акругі”. Алега Белавенцава, які працаваў прадстаўніком прэзідэнта Расейскай Федэрацыі ў „Крымскай федэральнай акрузе”, Пуцін прызначыў на аналагічную пасаду ў Паўночна-Каўказскай федэральнай акрузе. Пуцін таксама адправіў у адстаўку „губернатара” Севастопаля Сяргея Мяняйлу.

„Крымская федэральная акруга” была створана ў сакавіку 2014 году.

Расея анэксавала Крым пасля незаконнага рэферэндуму 16 сакавіка 2014 году. Гвалтоўнае далучэнне паўвострава да Расеі не прызнаецца Украінай і пераважнай бальшынёй дзяржаваў свету. На дадзены момант паміж мацерыковай Украінай і Крымам дзеіць кантрольна-прапускны рэжым, а Кіеў дэ-факта не кантралюе паўвостраў.

Ведамы расейскі палітолаг Станіслаў Бялкоўскі назваў такое рашэнне Пуціна вельмі кепскай навіной для крымчанаў. Гэта азначае, што больш ніякіх прывілеяў для акупаванага Крыму з боку Крамля ня будзе. На думку Бялкоўскага Крым „пераўтвараецца ў тыповую Варонежскую вобласць”.

Беларускае Радыё Рацыя