30 гадоў пазбаўлення волі – для Курманбека Бакіева
Вярхоўны суд Кыргызстана прыгаварыў былога прэзідэнта краіны Курманбека Бакіева да 30 гадоў пазбаўлення волі, паведамляе інфармагенцтва 24.kg.
Экс-прэзідэнту, які збег з краіны, у 2010 годзе было дадзена беларускае грамадзянства. 1 жніўня яму споўніцца 67 гадоў. Раней, нагадаем, Курманбек Бакіеў быў прыгавораны да пажыццёвага зняволення.
Кіраўнік службы дзяржаховы Жаныбек Бакіеў і экс-прэм`ер-міністр Даніяр Усенаў асуджаныя пажыццёва. Намеснік кіраўніка спецслужбаў Марат Бакіеў асуджаны на 27 гадоў турмы. Вынесены таксама прысуды іншым удзельнікам падзей 7 красавіка 2010 года.
Звергнуты з пасады прэзідэнта Кыргызстана ў красавіку 2010 года Курманбек Бакіеў прыехаў у Беларусь з неафіцыйнай жонкай і двума дзецьмі па асабістым запрашэнні Аляксандра Лукашэнкі. Як мяркуецца, у жніўні таго ж года ён атрымаў беларускае грамадзянства. У ліпені 2014 года Курманбек Бакіеў і яго брат Жаныбек, які ўзначальваў Службу дзяржаўнай аховы, былі прыгавораны ў сябе на радзіме да пажыццёвага зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Яны прызнаныя вінаватымі ў саўдзеле ў арганізацыі забойства, замаху на забойства, перавышэнні службовых паўнамоцтваў. Кіргізскі бок неаднаразова патрабаваў ад Беларусі затрымання і экстрадыцыі Курманбека Бакіева, але беспаспяхова.
22 кастрычніка 2015 года экс-прэзідэнт прадставіў у Мінску кнігу ўспамінаў „Боль, любоў і надзея: мой Кыргызстан” з аналізам бягучай сітуацыі на радзіме. „Я маўчаў пяць гадоў, не ўмешваўся ні ў што, — заявіў на прэзентацыі Бакіеў. — Але сёння ўсё негатыўнае ў Кыргызстане вешаюць на мяне, маіх блізкіх і, як кажуць, „бакіеўских” людзей. Я як зямны чалавек заслугоўваю крытыкі, але не агульнага ганьбавання”.
У пачатку 2016 года пасол Кыргызстана ў Менску Кубанычбек Амураліеў заявіў, што праблема Бакіева застаецца на парадку дня беларуска-кіргізскіх адносін. „Гэтая праблема знаходзіцца на парадку дня. Пакуль яна не будзе вырашацца, яна будзе на парадку дня”, — сказаў дыпламат. Ён не стаў удакладняць, што робіцца для вырашэння гэтай праблемы.
by.belapan.by