Пяць кандыдатаў Піншчыны падалі дакументы на рэгістрацыю



На Піншчыне дакументы на рэгістрацыю кандыдатамі ў дэпутаты падалі пяць прэтэндэнтаў. Па Пінскай гарадской акрузе №14 вылучаюцца: шляхам збору подпісаў дырэктар гімназіі Ігар Колб, ад партыі левых «Справядлівы Свет» Наталля Маглыш і ад сацыял-дэмакратаў — Віктар Кавалюк. Па Пінскай сельскай акрузе №15: праз подпісы —  дырэктар аўтапарка Іван Рыбкавец і ад Партыі БНФ Андрэй Кахнюк.

Прадстаўнік Партыі БНФ прызнаецца, што пасля мясцовай кампаніі 2014 года значна змяніў стаўленне да выбарчага працэсу ў краіне:

— Завяршэнне мінулай кампаніі мне ўсё ж не спадабалася. Я ўбачыў некаторыя рэчы, якія мне былі не даспадобы. Ружовыя акуляры, як гэта не смешна, але ў мяне ўсё ж былі, хоць і не надта тоўстыя. Да гэтай кампаніі я стаўлюся больш холадна і па яе выніках я , прынамсі для сябе, зраблю высновы ці мае ўвогуле сэнс пасля гэтага прымаць удзел. Але пакуль казаць адназначна вельмі рана.

Па Пінскай сельскай акрузе №15 мае намер балатавацца і самавылучэнец Уладзімір Гарох, які збіраецца падаць дакументы да 1-га жніўня. Такім чынам на Піншчыне шэсць прэтэндэнтаў.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск

Фота: Еўрарадыё