У Беларусь прыбываюць назіральнікі БДІПЧ АБСЕ
31 ліпеня ў Беларусь для назірання за парламенцкімі выбарамі прыязджае місія Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (БДІПЧ АБСЕ).
Як паведаміла кіраўнік Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына на прэс-канферэнцыі 29 ліпеня, місію ўзначальвае прадстаўнік Італіі Каэтана дэ Зулуета Аўтрам. Яна нарадзілася ў Калумбіі, з 1981 працавала журналістам, цяпер блогер. З 1996 года абіраецца ў італьянскі парламент. У якасці кіраўніка місіі БДІПЧ АБСЕ Каэтана дэ Зулуета Аўтрам працавала ў Азербайджане, Турцыі, Чэхіі, Францыі, ва Узбекістане, Украіне.
2 жніўня назіральнікі БДІПЧ плануюць наведаць ЦВК, дзе з імі сустрэнецца Ярмошына.
Раней паведамлялася, што для працы на парламенцкіх выбарах у Беларусі БДІПЧ АБСЕ плануе накіраваць 40 доўгатэрміновых і 400 кароткатэрміновых назіральнікаў.
Парламенцкія выбары ў Беларусі пройдуць 11 верасня.