Пад Пінскам самы доўгі мост у Еўропе?
Здзяйсняючы падарожжа па Пінскім Палессі ў суправаджэнні дасведчанага экскурсавода, які валодае не агульнай інфармацыяй для турыстаў аб гэтым унікальным краі, магчыма пачуць шмат цікавостак. Лепш, каб гід быў тутэйшы. Не больш і не менш, а пад Пінскам самы доўгі мост у Еўропе. Ды ўвогуле паслухаўшы палешукоў, дык жыццё на свеце пачалося з Палесся – калыскі Чалавецтва. Розныя байкі даюць каларыт, але вернемся да маста.
На Любанскім масце сустракае “палескі бусел”
Сталася аднойчы вядомым украінскім гумарыстам Юрыю Цімашэнку і Яфіму Бярэзіну, якія выступалі дуэтам “Тарапунька і Штэпсель”, завітаць у сталіцу Палесся. Тады пад Пінскам, у столінскім напрамку праз Прыпяць, будавалі мост, які мясцовыя называюць Любанскім. Будавалі не адзін год, справа ішла марудна і пэўна напякла жыхарам, што яны паскардзіліся гумарыстам. Комікі мелі папулярнасць на ўсёй савецкай прасторы. Выступалі па радыё і тэлебачанні. Тады гэта быў галоўны сродак масавага паражэння. Дык вось, у адным з такіх выступаў пажартавалі: “Дзе самы доўгі мост у Еўропе? Пад Пінскам, бо будуюць яго дзесяць год, а усё берагоў не бачна!”.
Любанскі мост у столінскім напрамку
Для чыноўнікаў таталітарнай сістэмы такая сатыра рэзала па жывым, бо выкрывала хібы савецкай сістэмы. Бадай гумар быў адзінай дазволенай формай крытыкі камуністычнага шляху. Пасля такога Любанскі мост завяршылі ў некалькі месяцаў.
Сапраўды цікава, столькі ўвагі. Толькі вось ці меў месца такі выпадак? Калі пераглядзець выступы дуэта “Тарапунька і Штэпсель”, то шмат якія масты яны ўзгадваюць. Гэта адзін з канцэртных прыёмаў. За сваеасаблівы ўкус мясцовай партыйнай наменклатуры ўдзячныя жыхары расейскіх гарадоў Іяшкар-Ала, Орск і Марыінск. Ва ўсіх узгаданых населеных кропках упэўненыя, што іхнія масты пабудаваныя дзякуючы украінскім гумарыстам.
Той самы “вялікі еўрапейскі мост”
Якім чынам у ланцуг трапіў беларускі Пінск? Пэўна скардзіліся пінчукі на маруднае будаўніцтва і нехта пачуў тое, што хацеў. Спрацаваў эфект “сарафаннага радыё” і мо нехта з пінскіх бюракратаў спалохаўся адказнасці або простае супадзенне. У любым выпадку нарадзілася байка і дарэчы не адзіная. У горадзе над Пінай праходзілі дарожныя працы і Пінск быў увесь перакапаны. Гледзячы на гэта Цімашэнка і Бярэзін пажартавалі: “Пінск гатовы да адбіцця нападу сіл НАТО, праз такія акопы іхнія танкі не пройдуць”.
Час сыходзіць, а міфы застаюцца і аздабляюць тутэйшы каларыт.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя