Анатоль Лябедзька: Лукашэнкаўская мадэль завяла краіну ў тупік



17-ы справаздачна-выбарны з’езд АГП дзявяты раз абраў Анатоля Лябедзьку старшынём партыі, якая з’яўляецца ядром створанай па яго ж ініцыятыве правацэнтрысцкай кааліцыі.

IMG_7790

Два дзясяцігоддзі таму, перад першымі ў гісторыі незалежнай Беларусі прэзідэнцкімі выбарамі, ён быў у камандзе Лукашэнкі, а цяпер з’яўляецца адным з галоўных апанентаў ды змагаром з дыктатарскім рэжымам. Ды і ці мала яшчэ чаго было ў жыцці лідара АГП.

РР: Днямі назіралі “лучыкі святла” ад вашай кааліцыі ў досыць самотнай перадвыбарчай парламенцкай кампаніі. Маю на ўвазе пікеты пад бел-чырвона-белымі сцягамі на Макаёнка, 9, ля “фабрыкі хлусні”, як прызвычаіліся называць БТ і ля ГУМа на гадавіну прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце…

Анатоля ЛябедзькіУрэшце, паводле вынікаў збору подпісаў, што ўжо ёсць, разлічваем, што ад кааліцыі будзе зарэгістравана да сотні кандыдатаў у дэпутаты. Гэта не закрые 100% акруг. Але думаем у “не ахопленых” намі знайсці паразуменне з іншымі дэмакратычнымі партнёрамі.

РР: Там не менш, грамадзянскія кампаніі па назіранні за выбарамі ўжо зафіксавалі шмат парушэнняў, а ў выбаркамы прайшлі толькі ў правінцыі лічаныя сябры апазіцыі. У Менску ад назірання адхілілі і Вас. Які ж сэнс удзелу ў чарговым дрэнным спектаклі-завядзёнцы?

Анатоля Лябедзькі: Мы паставілі абсалютна ясныя і рэалістычныя задачы. Першае – прад’явіць людзям ва ўмовах жорсткага эканамічнага ды фінансавага крызісу палітыка-эканамічную альтэрнатыву. Бо недаравальна было б зараз ляжаць на канапе, а пасля выбараў заявіць – “я і так усё ведаў!”. З выбаршчыкамі трэба гаварыць, дыскутаваць ды пераконваць, што менавіта лукашэнкаўская “сацыяльна арыентаваная мадэль” завяла краіну ў тупік.

РР: Але Ваш паплечнік, былы палітвязень і прадпрымальнік Андрэй Клімаў, сказаў літаральна наступнае: “Удзел у выбарах шкодны для краіны. Бо той, хто ўдзельнічае, аўтаматам гуляе па правілах Лукашэнкі… І няма гарантыі, што ў парламенце апынуцца такія людзі, як Лябедзька!”

Анатоля Лябедзькі: Давайце, нарэшце, вызначымся з тэрміналогіяй. Абсалютна няправільна ў адносінах да сённяшняй Беларусі выкарыстоўваць паняцці “выбары” і “парламент”. Калі б былі ВЫБАРЫ, мы б у поўны голас сказалі, што рэальна атрымаем да 20% галасоў, а значыць і месцаў. Мы гэта ведаем. Таму я заўсёды кажу, што бяру ўдзел у палітычнай ці выбарчай КАМПАНІІ. Як чалавек, што двойчы быў дэпутатам Вярхоўнага Савета 12-13 скліканняў, ніколі не ўжываў да лукашэнкаўскай “палаткі” слова парламент. У 90-ых людзей выбіралі, хоць і дрэнна лічылі галасы. Але не ўдзельнічаць, гуляючы, нібы, па сваім сцэнары – таксама тупіковы і непрымальны шлях. Адсюль другая задача – сабраць факты ў доказ таго, што праводзіцца ўсекраінны выбарчы лахатрон, далёкі ад стандартаў АБСЕ. Звяртаюся да Андрэя – а якім жа яшчэ чынам мы можам гэта даказаць, не бяручы ўдзел?! Што прад’явім Еўракамісіі – тое, што нас збівалі ў 2010-ым, а  ў 2012-ым была татальная палітычная цэнзура?! Гэта не мае нічога да сённяшняга дня, затое стопудова дапаможа Лукашэнку легітымізавацца. Колькасная ж альтэрнатыва і так будзе такая, якой захоча ўлада. На любую акругу яна можа выставіць і 5, і 8 прымусовых дублёраў. Там жа будуць і структуры Гайдукевіча, Улаховіча, а цяпер і “Гавары праўду”. Што можам мы? Роўна столькі, колькі выйдзе нас з мегафонамі на тыя ж “тэматычныя” пікеты. Прыгадаю і прысвечаныя “зніклым” палітыкам, і аштрафаваным журналістам-фрылансерам, калі экс-падпалкоўнік Мікола Казлоў тэлевізар з выявай БТ выкінуў на сметнік. І збор той тысячы подпісаў, каб стаць кандыдатам – для нас не самамэта. У Бярозе Аляксандр Кабанаў сабраў іх. Але ён, як і іншыя, магчыма ўпершыню, не хаваючыся, выходзіў і публічна перад гэтым казаў людзям на поўны голас – “я з апазіцыі, мы лічым, што ўладу трэба мяняць рэгулярна, як памперсы. Падтрымайце нас і нашу праграму, бо ведаем, што рабіць!” І людзі свядома ставілі подпісы за альтэрнатыву. Пры тым, што ў іх падсвядомасці сядзяць страх, самацэнзура. Асабіста мая галоўная выснова пасля апошніх вандровак у 20 рэгіёнаў – колькасць людзей, што не падтрымлівае ўладу і хоча перамен, велічэзная. Разам з тым, яны кажуць – “гэта немажліва”. Не вераць у сябе і тое, што сітуацыю можна змяніць…

IMG_7818

РР: Але навошта тады яшчэ і гэта “бойка кангрэсаў”, як ужо ахрысцілі ў незалежных СМІ Вашу ідэю правесці 13 жніўня ў Менску “для выпрацоўкі тактыкі” ўсебеларускі Форум апазіцыйных кандыдатаў у дэпутаты?! Хіба гэта не відавочны выклік кангрэсу дэмакратычных сіл Статкевіча-Шушкевіча-Някляева, што адбыўся 15 траўня? І хіба гэта нічога не выкліча, апроч чарговага раздражнення з-за апазіцыйных сварак у палітычна актыўных абывацеляў? Зноў цытата – гэтым разам Уладзіміра Коласа, старшыні Рады беларускай інтэлігенцыі: “гэта спаборніцтва амбіцый і асабістых інтарэсаў”…

Анатоля Лябедзькі: Усе гняўлівыя эпітэты – перабольшанні. І гэта не альтэрнатыва кангрэсу дэмсіл. Насамрэч для нас найперш важна, каб гэта былі дзеянні, што павялічаць колькасць удзельнікаў палітычнага працэсу. Дзе й высветліцца хто што мае. Бо адных правадыроў ды самых палітычных партый,  грамадскіх арганізацый, усёй грамадзянскай супольнасці недастаткова, каб зрабіць сапраўдны ўціск на ўладу.  На форуме ж будуць словы-ацэнкі сітуацыі не проста ад выбарцаў, але тых, хто сабралі за тысячу подпісаў альбо вылучыліся ад палітычнай партыі, нашых спікераў, што прастаялі ў дзесятках пікетаў. Калі да нас далучацца сацыял-дэмакраты Вештард – супер. “Зялёныя”ці кандыдаты, не заангажаваныя ні ў адну палітычную структуру – добра. “Справядлівы свет” Калякіна – таксама нармальна. А збяром разам, каб яны ўсім сказалі – мы ставім вось такія і такія супольныя мэты і задачы. І маем амбіцыю не разыходзіцца, а ўжо пасля 11 верасня стварыць нешта накшталт народнага парламента! І яшчэ адкрыта сказаць выбарцам – тыя, каго прызначыць улада, не будуць працаваць з вамі наступныя 4 гады. А мы будзем! Таму і патрэбна інстытуцыя, што дазваляла б ім 2-3 разы на год збірацца і выказвацца па самых актуальных і балючых для ўсіх пытаннях. Ну напрыклад, зрабілі ўлады пенсійную рэформу, што падвысіла ўзрост для мужчын, да якога тры чвэрці з іх не будуць дажываць – важна каб ад нас прагучала тое, што мы прапаноўваем. Каб была агучаная, скажам, і НАША антыкарупцыйная платформа.  

РР: Што ж, тады пра ваш галоўны эканамічны “канёк” – пра мільён новых працоўных месцаў. Як можна ўсур’ёз гаварыць пра іх ва ўмовах беларускай камандна-адміністрацыйнай сістэмы, што не проста сабе зжыла, але коціцца ў прорву? І падае тая ж Расея са сваёй карумпавана-псеўдарынкавай эканомікай, дзе таксама нарастае беспрацоўе? Адкуль тыя месцы?!

Анатоля Лябедзькі: Мільён новых працоўных месцаў – праграма сістэмных структурных рэформ у краіне. Закранае не толькі эканоміку, але і кіраванне, адукацыю, увогуле, усё жыццё. Натуральна, рэалізаваць яе пры існуючай сістэме немагчыма. Але мы не прыдумляем ровар – падобныя праграмы былі рэалізаваныя ў Нямеччыне, Швецыі. 20 год таму нашы суайчыннікі вазілі ў  Польшчу шкарпэткі з бялізнай. А сёння яна стварыла той самы мільён высокаэфектыўных працоўных месцаў! Але дзеля гэтага мусіць стварыцца новая сістэма ўзаемаадносін, у аснове якой – ЧАЛАВЕЧАЯ ІНІЦЫЯТЫВА. Канкурэнцыя. Лукашэнка 20 год не тое што не ствараў умоў для гэтага – душыў любыя іх праявы. Людзі нічога не рабілі, “каб не стала яшчэ горш”. Дый усё ж “пад кантролем”. Таму ў заняпадзе малы і сярэдні бізнес. А 80 % валавога ўнутранага прадукту Вялікай Брытаніі ад іх. У нас жа бізнес, у прынцыпе, ператварыўся ў карумпаваны адростак упраўлення справамі прэзідэнта. Другі складнік – прамыя інвестыцыі. Канешне, замежнікі не пойдуць да нас пры існуючай “прыкарытнай” судовай сістэме. Калі рашэнні прымаюцца заднім чыслом. Калі пасля заключанай дамовы могуць настойліва “прапанаваць”, скажам, узяць на баланс некалькі занядбаных калгасаў.

IMG_7720

РР: Але якія патэнцыяльныя казыры ў нас ёсць для прыцягнення інвестыцый?

Анатоля Лябедзькі: Новае заканадаўства, што прыйдзецца ствараць амаль што з нуля. Для чаго патрэбная новая ж судовая сістэма, незалежная ад улады. Абсалютныя гарантыі для інстытута прыватнай уласнасці, што павінна быць гэткай жа недатыкальнай, як свяшчэнная карова ў Індыі. І калі ў інвестараў будзе перакананне, што тут еўрапейскія стандарты, яны прыйдуць!

РР: Мы апасродкавана перакінуліся ўжо ў размове за межы Беларусі. У нас зноў ёсць два палітвязня – непрызнаны Андрэй Бандарэнка і прызнаны праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны. У той жа час новая кагорта палітыкаў, што прыйшла на Захадзе ў часе выбараў, зноў жа наступае на старыя граблі. Гаворачы пра тое, што з Лукашэнкам трэба “дамаўляцца”, што дзейная апазіцыя перастала быць “галоўным дэмакратычным чыннікам”. Што будзе з прызнаннем-непрызнаннем выбараў, калі ўжо ясна, што выбараў няма?

Анатоля Лябедзькі: Зараз Еўразвяз схіляецца да таго, каб наладзіць супрацу з рэжымам. Гэта іх стары новы трэнд. Увогуле, іх стаўленне да Лукашэнкі не змянілася, але памяняліся знешнія ўмовы, стала агрэсіўнай таксама дыктатарская Расея, што прымушае іх моцна карэктаваць мінулыя падыходы.

IMG_7815

РР: Называючы сваімі словамі – Захад прызнае выбары, што б ні было?!

Анатоля Лябедзькі: Верагоднасць гэтага вялікая. Супрацьстаяць можна, паўтаруся, толькі збіраючы факты, што сістэма не змянілася ў параўнанні з 2012-2015 гадамі. Каб гэта легітымізацыя не была хуткай. Бо магчымыя дрэнныя наступствы для незалежных масмедыя, праваабарончых арганізацый. Бо многія дапаможныя дэмсілам праграмы могуць быць проста зачыненыя. Ужо сёння існуюць вялікія гранты “з-за бугра” для дзяржаўных устаноў – прынамсі, 300 тысяч еўра для судовай сістэмы, што не працуе, 7 млн для мясцовага самакіравання, якое адсутнічае…

РР: А чыноўнікі, як зазвычай, іх раскрадуць, зрабіўшы “ліпавыя” справаздачы?

Анатоля Лябедзькі: Так, гэта тое, што яны найлепш умеюць рабіць. Таму тым больш мусім збіраць доказы гэтага і прадстаўляць іх еўрапейцам. Бо калі Брусель прызнае тое, што Лукашэнка стане прызначаць апазіцыю – гэта кансервацыя сітуацыі на гады і гады.

РР: Але, спадар Анатоль, Вы і самі завочны палітвязень. Маю на ўвазе не толькі сядзенне ў ізалятары КДБ пасля Плошчы-2010. 20 чэрвеня звярнуліся з індывідуальнай скаргай у Камітэт ААН па правах чалавека з пералікам фактаў сістэмнага пераследу за распаўсюджванне інфармацыі і ўдзел у масавых мерапрыемствах. Толькі за апошнія месяцы агульная сума асабістых штрафаў перавысіла 30 млн беларускіх рублёў. Дзікунства!

Анатоля Лябедзькі: Ну так, сёлета ў мяне ўжо набралася 15 адміністрацыйных спраў. Але гэта азначае і тое, што ўлада баіцца, калі мы ідзём да людзей. Бо ведае якія на самай справе настроі. Таму пачувае сабе не камфортна і няўтульна. На МАЗе раздалі ўлёткі, праўда, з крытыкай урада. Але гэта дазволена Канстытуцыяй. Нас жа прыцягваюць да адказнасці, як за несанкцыянаванае мерапрыемства.

IMG_7612

РР: Я ведаю Вас з пачатку 90-х, калі сам быў парламенцкім карэспандэнтам забароненай пасля ўладамі Кебіча і Лукашэнкі радыёстанцыі “Беларуская маладзёжная”. Як усё-ткі ўляпаліся ў адну каманду з апошнім?! І як змаглі потым з яго лап вырвацца?! Вы ж самі мелі шанцы стаць адным са “зніклых”…

Анатоля Лябедзькі: Канешне, я рабіў тады палітычныя памылкі. Але сітуацыя першых прэзідэнцкіх выбараў у 1994 – тое, што здараецца мабыць раз у 100 год.

РР: Не маглі ўявіць, што Рыгоравіч стане і двайным, і трайным “тузом”?

Анатоля Лябедзькі: Ну так! Канешне, сёння знайшліся тыя, хто кажуць, што ўжо тады “усё ведалі”. Але гэта, мабыць, не зусім так, бо за яго галасавалі рэальныя мільёны выбарцаў. Адназначна, што выбар быў несвядомы – быў пратэст супраць камуністычнай вышэйшай наменклатуры, што надакучыла ўсім. А калі падняць стэнаграмы, той жа Лукашэнка гаварыў шмат, нібы, нармальных рэчаў. Дарэчы, падтрымаў і ваша “Радыё “БМ”, якое, як стаў прэзідэнтам, сам жа закрыў – ужо ў другі раз.

IMG_0577

РР: Няўжо змаганне з карупцыяй у выглядзе міфічных скрадзеных цвікоў з лецішча Шушкевіча аніяк не раскрыла вочы?

Анатоля Лябедзькі: Зноў жа, найперш стаяла пытанне – прыйдзе ці не прыйдзе Кебіч. Пасля выбараў прэзідэнт неаднаразова клікаў мяне ва ўладныя структуры. Але канчаткова перастаў хадзіць на яго ды ўрадавыя нарады, калі выйшлі газеты з “белымі плямамі”. Пасля сарваўся “круглы стол”, у аргкамітэце якога бралі ўдзел і Анатоль Майсеня, і Юры Хадыка. Была напісаная прамова ў стылі “мы розныя, але Беларусь у нас адна”. Але ноччу мне патэлефанаваў дарадца Посахаў і сказаў, што ўсё адмяняецца. Што здарылася – для мяне дагэтуль загадка… Аднак больш гэта ўлада мяне ўжо ніколі не падмане.

РР: Усё ж такі курс на дыктатарства і дыктатуру ў Лукашэнку быў першапачаткова закладзены?

Анатоля Лябедзькі: Думаю, так, бо ён хворы на ўладу. Яна патрэбная яму ўся, цалкам і без астатку. Акурат гэта тое, што я першапачаткова не разглядзеў…

РР: Але, пішуць што, сярод іншага, у Крамлі разглядаецца план далучыць Беларусь праз галаву Лукашэнкі…

Анатоля Лябедзькі: Яшчэ ў 90-х неяк сказаў, што можа стацца сітуацыя, калі ён узначаліць партызанскі атрад змагароў за незалежнасць Беларусі. Толькі не трэба блытаць кардынальнае – для нас суверэнітэт найгалоўнейшая каштоўнасць, для яго – толькі інструмент утрымання асабістай улады. Дарэчы, думаю, ёсць даволі значная частка чынавенства, што разумеюць сэнс Незалежнасці. Таму нам трэба ўдала тлумачыць ім нашы пасланні. Бо гарантам яе і зараз з’яўляецца не Лукашэнка, а колькасць жыхароў, што ўсведамляюць – Беларусь мусіць быць Беларуссю! Для годнай будучыні іх самых, сям’і, родных, сяброў.

IMG_7792

РР: Ну і апошняе. Вы ж са сваёй франка-гістарычна-юрыдычнай адукацыямі магчыма самі маглі б быць амбасадарам у той жа Францыі. І не сплачваць штрафамі, але атрымліваць у якасці заробку тыя ж 30 млн. Не шкадуеце за выбар, што зрабілі?

Анатоля Лябедзькі: Выправіў бы, канешне, згаданыя ды некаторыя іншыя памылкі, што зрабіў. Але ад стратэгічных жыццёвых мэт не саступіў – незалежная Беларусь, самапавага, еўрапейскі выбар. Бацькі так выхоўвалі – любіць куточак, дзе нарадзіўся. І сям’я – гэта шчасце – заўжды са мной, падтрымлівае. І тое, што ў розных месцах падыходзяць суайчыннікі са словамі падтрымкі і “Жыве Беларусь!”. У 90-х за адны гэтыя словы саджалі ў турмы. А цяпер яны, хоць і са змененай літараў, у білбордах па ўсёй краіне. Стратэгічна мы ўжо перамаглі…

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск