„Расатам” гатовы замяніць корпус рэактара для БелАЭС



Дзяржкарпарацыя „Расатам” гатова замяніць корпус рэактара для Беларускай АЭС, з якім адбыўся інцыдэнт 10 ліпеня. Пра гэта заявіў першы намеснік генеральнага дырэктара „Расатама” Аляксандр Лакшын у інтэрв’ю, размешчаным на сайце карпарацыі „ў сувязі са шматлікімі чуткамі пра здарэнне на будаўнічай пляцоўцы першай Беларускай АЭС”.

„Вынікі ўсіх даследаванняў перададзены заказчыку, — адзначыў Лакшын. — Мы абсалютна перакананыя, што тэхнічных перашкод для выкарыстання корпуса не існуе. Але мы разумеем, што разам з прыярытэтам бяспекі і надзейнасці яшчэ адной найважнейшай умовай развіцця атамнай энергетыкі з’яўляецца грамадская прымальнасць. Дапускаем, што заказчык можа прыняць рашэнне не прымяняць гэты корпус, каб пагасіць хвалю чутак і ажыятаж сярод часткі насельніцтва”.

„Калі такое рашэнне будзе прынята, мы гатовыя яго ўлічыць, бо разумеем асаблівае значэнне грамадскай прымальнасці пры будаўніцтве першай у краіне АЭС, — дадаў прадстаўнік „Расатама”. — Тады на першым блоку будзе ўстаноўлены корпус рэактара, які прызначаўся для другога блока. Яго выраб у цяперашні час заканчваецца. Але гэта рашэнне заказчыка, вядома, прывядзе да некаторага зруху графіка завяршэння будавання энергаблока”.

Лакшын таксама выклаў сваю версію інцыдэнту. Паводле яго слоў, у ноч з 9 на 10 ліпеня адна з субпадрадных арганізацый выконвала аперацыі па перамяшчэнні корпуса рэактара з аднаго лажамента на другі. „Гэта адбывалася не ў будынку рэактарнага аддзялення, бо ішла яшчэ толькі падрыхтоўка да пад’ёму корпуса рэактара ў энергаблок. Корпус рэактара планавалася перамясціць на адлегласць каля 10 метраў, не змяняючы яго гарызантальнага становішча. Аднак пры страпоўцы субпадрадчыкам былі дапушчаныя адхіленні ад інструкцыі, з-за якіх адбыўся перакос грузу пры яго пад’ёме, — заявіў Лакшын. — На вышыні каля 4 метраў (пры даўжыні вырабу 11 метраў) узнікла няспраўнасць пад’ёмнага крана, з прычыны чаго корпус заставаўся ў падвешаным стане больш за паўгадзіны. Увесь гэты час перакос паступова павялічваўся і ў выніку прывёў да таго, што корпус рэактара праслізнуў па стропах і павіс дыяганальна, дакрануўшыся да зямлі”.

Прадстаўнік „Расатама” таксама паведаміў, што на працягу ўсяго працэсу „вялася няспынная відэаздымка і забяспечвалася рэгістрацыя намаганняў на круку крана”. „Нават у момант дотыку да зямлі асноўная вага вырабу — больш за дзве траціны — утрымлівалася кранам. Таму выкарыстоўваць такія словы, як „удар аб зямлю” ці „падзенне”, няправільна, гэта ўводзіць людзей у зман, таму што скажае сутнасць таго, што адбылося, бо хуткасць руху корпуса не перавышала хуткасці пешахода”, — сцвярджае Лакшын.

На пытанне, чаму пра гэта стала вядома толькі цяпер, ён адказаў: „У атамнай галіне ёсць выразныя рэгламенты і правілы, якія вызначаюць, што з’яўляецца падзеямі, пра якія трэба інфармаваць наглядныя органы і грамадскасць. Яны апісваюць памер шкоды або ўздзеяння на персанал, абсталяванне і навакольнае асяроддзе. У гэтым выпадку ніякай падзеі, што прывяла да якой-небудзь шкоды, не адбылося. Максімум, пра што можна казаць, — пра сціранне на корпусе заводскай фарбы з-за трэння металічных строп”.

Паводле слоў першага намесніка кіраўніка „Расатама”, інструкцыя па страпоўцы грузу „была выканана з адхіленнямі”. „Субпадрадная арганізацыя атрымала адпаведнае пакаранне, а яе работнікі, вінаватыя ў гэтым парушэнні, адхілены ад выканання абавязкаў і больш ніколі не будуць дапушчаныя да работ на нашых атамных аб’ектах. Але, падкрэсліваю, не таму, што адбылося нешта з корпусам. Іх памылка па факце прывяла да прыпынку мантажу абсталявання. Больш за тое, у інфармацыйным полі ўзніклі сумневы ў мэтазгоднасці выкарыстання гэтага корпуса, што як мінімум з’яўляецца рэпутацыйнай шкодай. Вось ў гэтым віна гэтых людзей і ў цэлым субпадраднай арганізацыі”, — заявіў Лакшын.

Разам з тым ён падкрэсліў, што ніякіх істотных уздзеянняў, якія маглі б прывесці да змены уласцівасцяў корпуса, не адбылося. „Паказанні прыбораў і разлікі пераканаўча даказваюць, што максімальная нагрузка на корпус была шматразова менш дапушчальнай і ў паўтара разу ніжэйшай нават за тую, якую ён вытрымлівае бесперапынна ў рэжыме нармальнай эксплуатацыі на працягу шасцідзесяці гадоў”, — сцвярджае прадстаўнік „Расатама”.

Тым не менш, адзначыў ён, каб зняць любыя магчымыя сумневы заказчыка, „Расатам” вырашыў правесці дадатковыя даследаванні. Спецыялісты галоўнага канструктара рэактарнай устаноўкі ДКБ „Гідрапрэс” і вытворцы корпуса завода „Атаммаш” выканалі кантрольныя вымярэння, уключаючы ўльтрагукавы кантроль металу і дэфектаскапіі зварных злучэнняў. „Вынікі пацвердзілі, што ніякіх зменаў стану корпуса не адбылося”, — яшчэ раз заявіў кіраўнік дзяржкарпарацыі.

Нагадаем, 25 ліпеня беларускія СМІ паведамілі, што 10 красавіка падчас трэніровачнай пробнай устаноўкі корпуса рэактара 330-тонны агрэгат сарваўся і ўпаў з вышыні ад 2 да 4 метраў. Генпадрадчык будаўніцтва станцыі — расейская група кампаній „АБЭ” — паспяшаўся абвергнуць гэту інфармацыю, аднак Мінэнерга Беларусі прызнала, што на станцыі мела месца „няштатная сітуацыя”. „Няштатная сітуацыя адбылася на пляцоўцы захоўвання корпуса рэактара пры правядзенні такелажных работ па яго перамяшчэнні ў гарызантальнай плоскасці”, — гаварылася ў паведамленні Мінэнерга.

Інцыдэнт атрымаў шырокі грамадскі рэзананс у Беларусі і за мяжой.

Літва накіравала Беларусі чарговую ноту, у якой запытала вынікі расследавання нядаўняга інцыдэнту на АЭС, якая будуецца. „Гэты інцыдэнт разглядаецца Літвой як асабліва небяспечны і здольны выклікаць незваротныя адмоўныя наступствы для бяспекі АЭС, якая будуецца”, — гаварылася ў ноце літоўскага МЗС.

Літва прапанавала Беларусі заснаваць міжнародную камісію экспертаў для аналізу вынікаў гэтага расследавання і прадстаўлення рэкамендацый, а таксама выказала занепакоенасць наконт празрыстасці праекта БелАЭС, недахопу культуры бяспекі і неадпаведнасці міжнародным стандартам па атамнай бяспецы і ахове навакольнага асяроддзя, недастатковай ролі рэгулятара ядзернай бяспекі Беларусі і генеральнага падрадчыка будаўніцтва пры арганізацыі бяспекі будаўнічых работ.

Літоўскі бок папрасіў актыўнага ўмяшання ЕЗ у вырашэнне пытання ядзернай бяспекі, важнага для ўсяго рэгіёну, а таксама звярнуўся да кіраўніцтва МАГАТЭ з просьбай удзельнічаць у расследаванні інцыдэнтаў, якія адбыліся на АЭС, што будуецца.

Варта адзначыць, што гэта ўжо не першае паведамленне аб НЗ на будаўнічай пляцоўцы станцыі. Інфармацыя пра два іншыя інцыдэнты з’яўлялася ў СМІ ў траўні і чэрвені.

belapan.by