Бізнес – гэта цікава!
Пра яго можна распавядаць нясумна. У гэтым перакананыя стваральнікі новага інтэрнэт-праекта пра бізнес у Беларусі, які толькі набірае папулярнасць. TUT.BY прэзентаваў новы медыярэсурс – probusiness.by. „У Беларусі сайтаў выключна з эканамічнай тэматыкай няшмат, і ў некаторых рэчых мы першыя,” – сказаў у праекце “Месца для прэсы” кіраўнік сайта Віталь Валянюк.
Віталь Валянюк: Мы лічым, што бізнес – гэта цікава, што гэта вынаходніцтва, творчасць. Зразумела, бізнес – гэта і аналітыка, позірк у будучыню. Па-другое, даследаванняў, наколькі запатрабавана аналітыка ў бізнесе, я асабіста не бачыў. Але попыт на аналітыку, якая будзе даволі добра прымацца, будзе добра візуалізавана, з боку бізнесу ёсць. Ёсць сярод людзей, якія працуюць менеджарамі ў нашых беларускіх кампаніях. І адна з нашых мэтаў – гэты попыт задаволіць, наколькі гэта будзе магчыма, самім і ў супрацы з аналітыкамі і аналітычнымі кампаніямі, якія рыхтуюць аналітычныя прадукты.
РР: Калі мы гаворым пра эканоміку, то першыя асацыяцыі – гэта нешта разумнае, вельмі сумнае, дзе трэба добра разбірацца. Акрамя гэтай візуалізацыі, якія вы яшчэ “фішкі” прыдумалі, каб падаваць эканоміку “з чалавечым тварам”? Ці будуць нейкія такія падыходы на сайце?
Віталь Валянюк: Мы ўжо імкнемся падаваць эканоміку і бізнес “з чалавечым тварам”. Па-першае, на сайце і так шмат чалавечых твараў – асобаў, якія нешта робяць ці зрабілі. Спрабуем звяртаць увагу на тых асобаў, якія працуюць у бізнесе, чым яны кіруюцца, прымаючы рашэнні. На нашым партале шмат графікаў, візуалізацыі, лічбаў, шмат інфармацыі, якая падаецца ў выглядзе 1, 2, 3… Гэта значыць, што канкрэтныя пункты тлумачаць што і як.
РР: Я заўважыў, што на сайце вы прапануеце платны кантэнт. Гэта матэрыял, які каштуе 59 тысяч. І гэта аналітыка за ўвесь месяц. Вам не падаецца, што для бізнесоўца гэта даволі танна? Бо можа скласціся ўражанне, што гэта не вельмі добры матэрыял, калі так танна ацэнены…
Віталь Валянюк: Калі казаць пра якасць матэрыялу, то магу з упэўненасцю сказаць, што матэрыял сапраўды добры. Безумоўна, будзе зваротная сувязь з пакупнікамі. Яна і дасць адказы на пытанне: наколькі добры гэты матэрыял.
Чаму такі танны кошт? Мне падаецца, што такая інфармацыя павінна быць даступнай для шырокіх колаў бізнесу. Бо для малога прадпрыемства ці прыватнага прадпрымальніка плаціць вялікія грошы за аналітыку не заўсёды ёсць магчымасць, у адрозненне ад буйных кампаній, дзе на аналітыку і такога кшталту даследаванні і агляды яны маюць магчымасць вылучыць нейкі бюджэт. Таму мы імкнемся зрабіць макраэканамічную, фінансавую аналітыку даступнай для шырокіх колаў бізнесоўцаў, а таксама для тых, хто проста цікавіцца эканомікай.
Нам падаецца, што такі дэмакратычны кошт дасць нам большую аўдыторыю і большую зваротную сувязь. І мы будзем лепш ведаць, якія яшчэ аналітычныя агляды нам можна прапанаваць. Магчыма, некаторыя з іх будуць даражэйшымі для пэўных сегментаў бізнесу.
РР: Калі мы гаворым пра гэты матэрыял, то давайце сабе ўявім такую сітуацыю. Напрыклад, я звычайны грамадзянін, вяду хатнюю гаспадарку, не займаюся бізнесам. Як вы думаеце, ці варта мне купляць такі матэрыял, каб пачытаць і неяк арыентавацца ў эканоміцы? Ці знайду я там штосьці канкрэтнае і для сябе?
Віталь Валянюк: Для кожнага грамадзяніна цікавасць уяўляюць тры рэчы: узровень заробкаў па Беларусі, галінах эканомікі і рэгіёнах; працэнтныя стаўкі, дзе ёсць магчымасць зарабіць на дэпазітах ці ўзяць больш танны крэдыт; валютны рынак, што будзе з валютным курсам і маімі асабістымі грашыма.
РР: Назіраючы за СМІ, я не часта сустракаю платны кантэнт. Напэўна, гэта больш тычыцца эканамічнай інфармацыі, там гэтага больш. Ці гэта таксама нейкая новая “фішка” – платны кантэнт? Неяк у Беларусі я рэдка гэта сустракаў…
Віталь Валянюк: Няма залежнасці ад адной крыніцы фінансавання, звычайна гэта рэклама. Па-другое, для чытачоў, якія плацяць за аналітыку, гэта пэўны маркер, што матэрыял добрай якасці, адказна зроблены і карысны. Нават у савецкія часы людзі куплялі ці выпісвалі газеты. А цяпер, калі шырока выкарыстоўваецца інтэрнэт-медыя, ёсць такая звычка, што ўсё бясплатнае. Але я лічу, што калі матэрыял добра зроблены, на яго стварэнне пайшло шмат гадзін працы некалькіх чалавек, каб у выніку атрымалася добрая аналітыка, то такі матэрыял можа быць платным. Думаю, псіхалогія чалавека з цягам часу будзе мяняцца і прыйдзе ўсведамленне таго, што за добрую інфармацыю і аналітыку можна, а нават патрэбна плаціць.
“Гэты праект для ўсіх, хто цікавіцца бізнесам,” – кажа кіраўнік новага партала Віталь Валянюк. Тут мы расказваем пра людзей, кампаніі, трэнды, стратэгіі. Таксама на сайце асвойваецца новая ніша ў беларускім сегменте інтэрнэту: напрыклад, там можна набыць платны кантэнт. І ў гэтым аглядзе ёсць адказы на гэтыя пытанні.
Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя для праекта „Месца для прэсы”
Фота ua-ekonomist.com