28 мільёнаў рублёў берасцейцы ахвяравалі дзецям-сіротам



Больш за 28 мільёнаў рублёў ахвяравалі берасцейцы на дапамогу дзецям-сіротам. Такія сродкі былі сабраныя ў час акцыі “Збярэм школьны ранец разам”, што падыходзіць да завяршэння на гэтым тыдні. Скарбонкі былі ўсталяваныя ў некалькіх буйных гандлёвых кропках гораду. «Заўсёды імкнемся дапамагчы як мага большай колькасці дзетак, і гэты год – не выключэнне», – адзначыла дырэктарка берасцейскага аддзялення “Беларускага дзіцячага фонду” Зоя Троцкая:

– Хочацца сказаць вялікі дзякуй усім, хто прымаў удзел у нашай акцыі і пажадаць ім здароўя і поспехаў! Звяртаюся да ўсіх неабыякавых людзей нашай вобласці – прыходзьце да нас, сустракайцеся з тымі, каму вельмі патрэбная вашая дапамога і хто вельмі чакае вашай увагі і падтрымкі.

На сабраныя сродкі падарункі да школы атрымае больш за 150 дзетак-сірот, якія выхоўваюцца ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу ў Берасцейскай вобласці.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота bezformata.ru