Павел Усаў: Гэты візіт шкодзіць ідэі дэмакратычных пераменаў



Топ-навіна ў афіцыйнай беларускай прэсе, і амаль цішыня ў прэсе польскай. У Беларусі працягваецца візіт польскай парламенцкай дэлегацыі на чале з віцэ-спікерам Сэйму Рышардам Тэрлецкім. Беларускія дзяржаўныя СМІ перадусім робяць акцэнт на сустрэчу польскіх парламентароў з кіраўнікамі палатаў непрызнаванага міжнароднай супольнасцю дэмакратычным Нацыянальнага сходу, якая адбылася напярэдадні.

Беларускі палітычны эксперт Павал Усаў адзначае, што візіт шкодзіць перадусім ідэі дэмакратычных пераменаў у Беларусі.

Павел Усаў: Беларускі парламент паўсюль прызнаецца, прынамсі ў цывілізаваным свеце, нелегітымным. Бо выбары, якія адбываліся ў 2012 годзе, усімі міжнароднымі арганізцыямі прызнаныя нелегітымнымі і праходзілі з парушэннямі. І сустрэча з прадстаўнікамі дэмакратычнага парламенту, якім пакуль што з’яўляецца польскі парламент, з фактычна фіктыўнай арганізацыяй, якая завецца Нацыянальны Сход Беларусі, – гэта перш за ўсё кампраметацыя польскага боку. Гэта выклікае даволі шмат пытанняў. Чаму апошнім часам польскія – і міністр замежных спраў, і прадстаўнікі парламента – актыўна „акучваюць беларускую глебу”? Безумоўна, гэта яшчэ адзін козыр у рукі беларускіх уладаў, каб паказаць, што нягледзячы на тое, што ў Беларусі няма ані дэмакратыі, ані паляпшення ў кірунку лібералізацыі, ці дэмакратызацыі. Тым не менш, Захад вымушаны мець справу і прызнаваць беларускія ўлады адзіным гарантам і незалежнасці, і стабільнасці ўнутры краіны. І тое, што зрабілі польскія парламентарыі, гэта безумоўна мядзьвежая паслуга як для дэмакратычнай супольнасці Беларусі, так і, перш за ўсё, у дачыненні да сябе, бо, як мы ведаем, прадстаўнікі польскага парламенту, якія паехалі з візітам, яны прадстаўляюць колішнюю апазіцыю, якая змагалася з камуністычным рэжымам у Польшчы. І тое, што зараз яны шукаюць усе магчымыя і немагчымыя шляхі, каб паказаць нейкую самастойнасць у правядзенні знешняй палітыкі, гатовыя пакласці ў ахвяру нейкім фіктыўным ілюзіям сваёй велічы ў знешняй палітыцы, пакласці ў ахвяру менавіта дэмакратычныя каштоўнасці і каштоўнасці, звязаныя з правамі чалавека. Гэта фактычна параза польскай знешнай палітыкі. Бо першыя такія спробы весці дыялог з дыктатарскім рэжымам Беларусі былі зроблены як раз такі PO ў 2008 годзе. І чым гэта ўсё скончылася, мы вельмі добра ведаем, акрамя “сінякоў” і поўнай кампраметацыі польскія ўлады ў той перыяд, з 2008 па 2010 год, нічога не атрымалі. Што цікава. Сённяшняя кіроўная партыя, якая ў свай час была ў апазіцыі, вельмі моцна крытыкавала знешнюю палітыку PO, але як мы бачым, паўтарае ўсё тое ж самае, што адбывалася некалькі гадоў таму.

РР: А з іншага боку можна пачуць галасы пра тое, што Беларусь усё ж сусед, і кантакты трэба мець. Пытанне тут можа іншае: ці кантакты такога ўзроўню?

Павел Усаў: Гэта ўсё апраўданні, бессенсоўныя апраўданні. Кантакты паміж нейкімі эканамічнымі партнёрамі, нейкая эканамічная супраца на сярэднім, на нізкім узроўні – яна заўсёды была, яна заўсёды існавала, нават у перыяд санкцый у дачыненні да ўладаў. Безумоўна, развіццё суадносінаў эканамічнага і культурнага плану не перашкаджае ізаляцыі палітычнага рэжыму. Але тое, што зараз робіць польская ўлада і Еўрапейскі звяз, – гэта пашырэнне кантактаў з беларускімі ўладамі без сур’ёзнага паляпшэння ўнутрыпалітычнага становішча, і безумоўна, без сур’ёзнага пашырэння культурна-эканамічных кантактаў паміж Польшчай і Беларуссю, бо ўлады нічога не будуць рабіць дзеля таго, каб, напрыклад, спросціць візавы рэжым, або падпісаць дамоўленасць па малым памежным руху. Ім гэта не выгадна. На жаль, нейкія ілюзіі таго, што Польшча зараз з’яўляецца нейкім лідарам у рэгіёне ў кантэксце гэапалітычных працэсаў, якія не маюць ніякай падставы, але проста гэта амбіцыі, якія безумоўна не будуць рэалізаваныя, і гэтыя амбіцыі змушаюць весці дыялог з рэжымам, які цалкам прарасейскі, які ўвесь час праводзіць абсалютна антызаходнюю палітыку ў рэгіёне. Так што акрамя ацэнкі гэтых дзеянняў польскіх прадстаўнікоў улады, як у пэўным сенсе кампраметацыя, я назваць не магу. Гэта недальнабачная палітыка, якая гуляе хутчэй супраць Польшчы, замест таго, каб развіваць, ці пашыраць нейкія змены ў Беларусі.

РР: Ці можна сказаць, што тут даволі добра спрацавалі беларускія лабісты. Многія ведаюць, што шмат хто доўгія года працуе ў Польшчы, каб давесці што з Менскам варта супрацоўнічаць, трэба супрацоўнічаць: эканамічная супраца, культурніцкая супраца, давайце адкладзем палітыку у бок. Ці гэта поспех вось такіх лабістаў?

Павел Усаў: Як мы ведаем, даволі цяжка было б пралабіраваць у кантэксце, напрыклад, партыі Права і Справядлівасць, якая з’яўляецца даволі моцна кансерватыўнай партыяй, і увесь час праводзіла усё ж такі больш менш адэкватную палітыку: была распрацаваная знешнепалітычная стратэгія, якая атрымала назву «Стратэгія Леха Качыньскага», які даволі моцна падтрымліваў і апазіцыйныя рухі ў Грузіі, ва Украіне і ў Беларусі. Таму такая радыкальная змена – гэта хутчэй не лобі, а проста кампенсацыя знешнепалітычнага крызісу, у які ўвайшла Польшча. Мы бачым, што Польшча практычна страціла ўсіх даволі шаноўных партнёраў у межах ЕЗ: пасварылася з Нямеччынай; той хаўруснік, на якога Польшча спадзявалася, Брытанія, заявіла пра выхад з ЕЗ, і фактычна няма на сённяшні момант у Еўропе правых кансерватыўных арганізацыяў, якія б падтрымоўвалі тыя каштоўнасці, якія цяпер прасоўвае ПіС. А менавіта, як мы бачым, даволі моцная крытыка ўлады і дзеянняў улады з боку еўрапейскіх установаў. Таму першапачаткова погляд польскай улады скіраваўся на такіх жа, у пэўным сэнсе палітычных ізгояў у Еўразвязе: Орбан у Вугоршчыне, нейкія адносіны з Фіко ў Славаччыне, і нібы з аднаго боку ажыўленне Вышаградскай групы, але без фінансаванага напаўнення і без сур′ёзнай палітычнай вагі гэтыя праекты абсалютна бессэнсоўныя. А з іншага боку, пошук партнёраў, якія паказалі б, падкрэслілі, што Польшча з’яўляецца фармальна ці не фармальна, ці праяўляе нейкую актыўнасць на знешнепалітычным накірунку, – і гэта Беларусь. Бо мы таксама бачым, што апошнім часам сталіся даволі напружанымі ўзаемаадносіны паміж Польшчай і Украінай, калі польскі парламент праняў пастанову пра масавае забойствы з боку ўкраінскіх нацыяналістаў у час Другой сусветнай вайны, што ў кантэксце канфлікту Украіны з Расеяй — даволі моцны ідэалагічны ўдар у спіну Украіне. Таму, калі мы паглядзім, што на сённяшні момант у палітычным і геапалітычным сэнсе аточвае Польшчу, дык паўсюль толькі канфліктныя бакі, і застаецца толькі шукаць нейкі кампраміс і прасоўваць нейкія інтарэсы з Беларуссю, бо якраз цяпер для гэтага даволі добрая кан’юнктура. То бок адносіны ці кантакты на сённяшні момант Польшчы і Беларусі — гэта кампенсацыя моцнай паразы Польшчы ў адносінах у межах Еўразвязу.

Гутарыў Зміцер Косьцін, Беларускае Радыё Рацыя