Найчысцейшае месца на глобусе не для ўсіх
Кіраўнікі дзяржавы любяць выказвацца пра тое, што беларуская нацыянальная ідэя – гэта чысціня. Глядзіце, маўляў, няма ў нашым сталічным метро бамжоў, ходнікі на вуліцах заўжды чысценькія… Бамжоў, вядома, у нас няма, бо над гэтай праблемай працуюць бравыя міліцыянты. Ходнікі чыстыя, паколькі дзеля гэтага шчыруе армія людзей у аранжавых камізэльках, якіх смела можна называць дадатковай спецслужбай.
Нядаўна ў сінявокай краіне пайшла мода на заходні капыл забараняць курыльшчыкам паліць папіроскі каля вакзалаў і прыпынкаў грамадскага транспарту. Аматарам тытуню такое новаўвядзенне не падабаецца, але для чыноўнікаў гэта чарговая нагода заявіць пра „найчысцейшае месца на глобусе”.
Міф пра самую чыстую нацыю у свеце, праўда, часта разбіваецца аб суворую беларускую рэчаіснасць. Адзін гомельскі блогер выклаў фотаздымак грамадскай прыбіральні абласной Дзяржаўтаінспекцыі, якая знаходзіцца каля аўтадрома. Звонку будынак выглядае чысценька, літаркі „М” і „Ж” падфарбаваныя. А ўнутры — брама ў пекла, смярдзючая дзірка. Не аўтадром ДАІ ў ХХІ стагоддзі, а гатовыя дэкарацыі для фільма пра канцэнтрацыйныя лагеры для ваеннапалонных. Відаць, гэтая прыбіральня стваралася насамрэч для дадатковых маральных пакутаў асобам, якія правалілі іспыт на атрыманне вадзіцельскіх правоў. Дасведчаныя людзі кажуць, што на тэрыторыі абласной ДАІ ў будынку ўправы ёсць некалькі прыстойных туалетаў, але яны выключна для службовых асобаў. А для цывільных — брудныя ямы ў падлозе.