Падаткавікі „перавыканалі” план у зборах з ІП



Прадпрымальнікі ў першым паўгоддзі заплацілі ў казну 2,1 трыльёна недэнамінаваных рублёў. Пра гэта паведамляе прэс-служба Міністэрства падаткаў і збораў. У параўнанні з такім жа перыядам мінулага года, паступленні ў бюджэт ад ІП выраслі на 3,9%.

Доля падаткаў дробных бізнесоўцаў у даходах бюджэту краіны – 2,1%.

І гэта пры тым, што на пачатку года многія ІП не проста не працавалі, а нават страйкавалі праз дэкрэт №222. Не варта забываць, што апошнім часам колькасць ІП у Беларусі скарачаецца. Як казалі раней у Мінэканоміцы, «з уласнай справы яны пераходзяць у наёмныя работнікі».

У сярэднім кожны ІП заплаціў у казну 8,8 мільёнаў рублёў (гэта больш за сярэдні заробак па краіне).

Усяго ў Беларусі ў першым паўгоддзі на ўліку ў падатковых органах знаходзіліся 237,8 тысячы ІП. Большая частка з іх – 134,8 тысячы – працуюць паводле спрошчанай сістэмы падаткаабкладання. Менавіта яны заплацілі нават больш за палову ўсіх падаткаў у першым паўгоддзі (1,1 трыльёна рублёў).

Як і раней, значная частка ІП займаецца аказаннем рознага роду паслуг (56% ад агульнай колькасці). У сферы аптовага і раздробнага гандлю, а таксама рамонту аўтамабіляў і матацыклаў было занята амаль на 91 тысячу індывідуальных прадпрымальнікаў, або 38 адсоткаў.

Паводле nalog.gov.by