Забойства Шарамета: паліцыя просіць дапамагчы знайсці сведку
Следчыя ўстанавілі, што ў той час, калі злаўмыснікі ўсталёўвалі выбухоўку ў машыну, у якой падарваўся Павел Шарамет, іх мог убачыць сведка, якога яны просяць дапамагчы ўсталяваць.
Пра гэта заявіў начальнік дэпартамента крымінальнага вышуку Нацыянальнай паліцыі Украіны Дзмітрый Галавін падчас брыфінгу ў Кіеве, 4 жніўня.
«Так, сапраўды, ёсць сведка. На жаль, ягоная асоба пакуль не вызначаная. Таму мы просім журналістаў і тых людзей, дапамагчы знайсці гэтага чалавека, і калі ён глядзіць гэту перадачу, — выйсці да нас ці на” гарачую лінію „, або на” 102 „. Ягоныя паказанні вельмі важныя для нас, для следства», — дадаў ён.
«Гэта малады хлопец, каля 180 см вышынёй. У яго характэрная прыкмета — чорны заплечнік з двума святлоадбівальнымі палоскамі. Ён ішоў па вуліцы Франка ў 02:44 у кірунку процілеглым руху падазроных», — сказаў Галавін.
Таксама на брыфінгу кіраўнік групы пракурораў ГПУ Андрэй Шаўчэнка паведаміў, што спецыялісты ФБР ў лабараторыях ЗША працягваюць вывучаць якасны склад выбуховага прыстасавання, у выніку выбуху якога загінуў журналіст Павел Шарамет.
«Выбуховая прылада была не стацыянарная, а гэта значыць не такая, што знаходзіцца на ўзбраенні, а самаробная», — сказаў Шаўчэнка. У той жа час ён адзначыў, што элементы прылады паходзяць ад стацыянарнага выбуховага прыстасавання.
Шаўчэнка сказаў, што правяраецца кола асобаў, якія маглі б вырабіць такую прыладу.
Цяпер ФБР ўсталёўвае якасны склад выбуховага рэчыва, у прыладу было закладзена каля 500 г траціла.
Таксама, па словах Шаўчэнкі, у праваахоўнікаў ёсць шмат відэа, знятага відэакамерамі, усталяванымі на прыватных фірмах, арганізацыях, крамах па суседстве з месцам, дзе жыў Шарамет.
Акрамя таго, на некаторых кадрах бачныя рысы падазраваных асобаў, — адзначыў Шаўчэнка. Устаноўлена, што рост падазраванага мужчыны 168-175 см, ён носіць «іспанскую» бародку, ягоная напарніца на 5 см ніжэйшая.
Пры гэтым на падазраваным была кепка, на ягонай напарніцы — капюшон.
Як адзначыў дырэктар дэпартамента крымінальнага вышуку Нацыянальнай паліцыі Дзмітрый Галавін, падазраваныя не хавалі твараў. Гэта, на яго думку, азначае, што яны альбо не мясцовыя, альбо не баяцца наступстваў здзяйснення імі злачынства.
Напярэдадні ў сеткі з’явіліся скрыншоты з відэа, на якіх больш выразна, чым на папярэдніх відэа, бачныя падазраваныя.
Беларускае Радыё Рацыя, паводле “Украінская праўда”