Як адзін чалавек адрадзіў родную мову



Гутарка ў гэтым артыкуле пойдзе пра нараджэнца беларускай мясцовасці Лужкі (даўні Дзісненскі павет, цяпер Шаркоўшчынскі раён) Эліэзэра Бэн-Егуду (сапраўднае прозвішча Лэйзэр Іцхок Перэльман), які фактычна адзін адрадзіў іўрыт.

Першая газета на іўрыце выйшла прыкладна ў адзін час (па іншых звестках пазней) з  беларускай газетай “Мужыцкая праўдай” Кастуся Каліноўскага, на мове, якую шмат стагоддзяў лічылі “мёртвай”. Іўрыт запатрабаваным заставаўся ў рэлігійным выхаванні габрэяў, у побыце і школе мову амаль  не выкарыстоўвалі, не хапала слоўнікавага запасу.  Бэн Егуда адчуваў гэтую несправядлівасць усім сэрцам. Ён бачыў, як адраджаюцца розныя родныя мовы ў еўрапейскіх краінах і лічыў, што неабходна адрадзіць іўрыт на габрэйскай зямлі.

294203

Яго першая размова на іўрыце адбылася ў кавярні на парыжскім бульвары Монмартр. Пераканаўшыся, што з сябрамі ды знаёмымі ён можа паспяхова размаўляць на іўрыце, Бэн-Егуда вырашыў, што будзе карыстацца выключна іўрытам па прыбыцці ў Палестыну. Бэн-Егуда пісаў: „Калі можна адрадзіць мову, на якой перасталі размаўляць, і зрабіць яе размоўнай, каб на ёй мог сказаць усё што пажадае хоць бы адзін чалавек, то без усялякіх сумненняў яна можа стаць мовай зносінаў для ўсяго грамадства”.

У 1882 годзе ў Палестыне ў яго нарадзіўся сын і ён заключыў дамову з жонкай,  што яго   сын стане першым  іўрытамоўным чалавекам. Таму ён абмяжоўваў камунікацыю дзіцяці з іншымі, каб дзіця чула толькі іўрыт. Але  маці не стрымала абяцанае, часам спявала дзіцяці расейскія калыханкі. Дзіця расло і ў 4 гады загаварыла на старажытным іўрыце…колькі было радасці! А бацька далей пісаў слоўнікі (апошні, 18-ы выйшаў праз 37 гадоў пасля ягонай смерці), прыдумваў новыя побытавыя словы, вучыў ім свае дзіця, сам авалодваў новымі філалагічнымі спецыяльнасцямі. Распрацаваў сістэму навучання іўрыту дома, у школе. Пісаў у газету, выкладаў у школе. Ужо напрыканцы 19 стагоддзя кожны габрэй мог чытаць і разумець газету на іўрыце найперш дзякуючы гэтаму чалавеку. Некаторыя тамтэйшыя артадоксы да яго ставіліся нават варожа, але, “сабакі брэшуць, а караван ідзе”. Ён заклаў ядро маладых адраджэнцаў іўрыту, быў створаны Камітэт мовы іўрыт (пазней Акадэмія мовы). Яго дэвізам было: “Габрэй размаўляй на іўрыце! Адзін народ – адна мова”.

Ibrikyllenkomitetez

Камітэт мовы іўрыт, канец 1880-ых гадоў, першы справа – Бэн Егуда

У 1896 годзе быў адкрыты першы дзіцячы садок на іўрыце, а  ў 1906-ым – гімнізія. За некалькі дзесяткаў гадоў іўрыт прайшоў шлях развіцця, на які іншыя народы трацілі стагоддзі. Сёння ж у Беларусі часта можна пачуць ад асобных людзей: “Што я магу адзін зрабіць, ад мяне нічога не залежыць!”…

А  ён  даказаў сваімі дзеяннямі, што ў любой справе дастаткова толькі аднаго апантанага чалавека і справа пойдзе. Бэн-Егуда і ягоная іўрытамоўная сям’я сталіся жывой легендай,  прыкладам адраджэньня для іншых народаў.

У 1908 годзе ён пісаў у газеце “Гацві”: “Для поспеху любой справы патрэбны толькі адзін мудры, разумны і энергічны чалавек, які гатовы прыкласці ўсе намаганні да гэтай справы, і яна пойдзе, нягледзячы на ніякія перашкоды. Для кожнай новай падзеі, для кожнага, нават маленькага кроку на шляху прагрэсу патрэбны першапраходзец, які павядзе свет наперад, знішчаючы ўсе шляхі да адступлення.

Сёння, некалі так званы “мёртвы іўрыт” – дзяржаўная мова Ізрайлю. А імя нараджэнца Беларусі і сапраўднага бацькі сучаснага іўрыта, усё жыццё прысвяціўшага мове продкаў, Эліэзэр Бэн-Егуда (Перэльмана) носяць дзесяткі вуліц гарадоў краіны.

Luzhki

Помнік “бацьку” сучаснага іўрыта пастаўлены 11.09.2014 году ў  былым мястэчку Лужкі Віцебскай вобласці.

shylda Ehuda

Шыльда ў Лужках у гонар Эліэзэра Бэн-Егуды

Алесь Крой, адмыслова для Беларускага Радыё Рацыя