14-ы Марш жывой памяці на вуліцах Беластока



У Беластоку прайшоў 14-ы Міжнародны марш жывой памяці Сібіры. Шэсце прайшло па вуліцах горада ад помніка ахвярам Катыні да Магілы невядомага сібірака.

Іван Арлюк з Саюза сібаракоў з Гародні:

– Гэта людзі, якія былі ў Сібіры, якія там нарадзіліся.

РР: А вы асабіста?

– Я асабіста быў вывезены ва ўзросце васьмі месяцаў.

Дэрыктар Інстытута нацыянальнай памяці ў Беластоку Барбара Баярын:

– Мы былі пад савецкай акупацыяй. Падчас савецкай акупацыі чатыры вялікія дэпартацыі не толькі палякаў, датычылі таксама беларусаў, датычылі таксама яўрэяў, пра што мы не заўсёды памятаем.

Галіна Зайко:

– Мы жылі ў вёсцы пад Гародняй, нас забралі ў 1950 годзе, нас прывезлі ў Іркуцкую вобласць, мы там жылі восем гадоў. Я была дзіцём, мы прыехалі ў такіх вагонах, у якіх вазілі кароў.

Акуліч Валянціна:

– Бацькі былі беларусамі, але ваявалі ў польскай Арміі Андэрса. Прыехалі і сказалі, што адна гадзіна на зборы і ўсё. Людзі не ведалі, як мая маці, што браць, пагрузілі ў цягнік і павезлі.

На ўрачыстасць з’ехаліся ўдзельнікі з розных куткоў Польшчы, а таксама замежжа. Сёлетні марш прайшоў пад лозунгам „Сібіракі-пераможцы з-пад Монтэ Касіна”.

Беларускае Радыё Рацыя