Кава ад расейскага імператара-ката
У Воршы крама “Гарызонт” прадае турку для кавы з праслаўленнем расейскага імператара Пятра І, які нарабіў шмат бяды беларусам. У пераліку на старыя грошы, як і пазначана на цэтліку ў краме, турка каштуе 259 700 рублёў. На турцы выведзены словы “Пётр Великий” і выява крывавага расейскага ўладара. Надпіс выкананы з дапамогай расейскага алфавіту, які выкарыстоўваўся да кастрычніцкага перавароту 1917 года.
Пётр І лічыцца прагрэсіўным манархам у суседняй Расеі, для Беларусі ж ён быў крывавым акупантам. Для тых, хто баіцца такіх словаў, адзначым, што, напрыклад, 29-га чэрвеня 1705 года, свае імяніны, Пётр І праводзіў у Полацку ў Сафійскім Саборы, які быў узведзены ў перыяд з 1030 па 1060 гады. Зайшоўшы ў найстаражытнейшы беларускі храм разам са сваімі паплечнікамі, у тым ліку Меншыкавым, імператар Расейскай імперыі ўчыніў расправу над уніяцкімі святарамі. Пётр і ягоныя афіцэры смяротна паранілі чатырох святароў, а настаяцель быў імі павешаны наўпрост у Саборы за тое, што адмовіўся перайсці з уніяцтва ў праваслаўе. Целы пакутніцкі загінулых былі патопленыя ў Дзвіне.
Падчас Паўночнай вайны, якая актыўна вялася і на тэрыторыі Беларусі, расейскія войскі паводле загаду Пятра І арганізавалі ў Полацкай Сафіі склад пораху. Гэта рабілася дзеля таго, каб вернікі не зрабілі храм месцам паломніцтва да магілаў уніякіх святароў. Порах 1 траўня 1710 года выбухнуў і тым самым зруйнаваў Сафійскі Сабор. А ў Копысі расейскія войскі пад зверхнасцю імператара, які смяротна замучыў нават свайго сына Аляксея – што яму чужы народ!, спалілі ўвесь горад. І вось цяпер, за 35 кіламетраў ад спаленага горада, у Воршы вольна прадаецца турка для кавы з выявай імператара, які нёс у Беларусь толькі кроў і руйнаванні.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша