Праблема палітвязняў зноў на павестцы дня



 

У Беларусі цяпер як мінімум 13 грамадзянаў, якія маюць права на статус палітзняволенага, — адзначылі на паседжанні грамадскага камітэта «Свабоду палітвязням!», якое адбылося ў Менску 5 жніўня.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Па словах сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца, які вёў гэтае паседжанне, штуршком да новага абмеркавання праблемы палітвязняў стала паведамленне пра затрыманне яшчэ аднаго з удзельнікаў Плошчы-2010 Уладзіміра Кондруся. Ён знаходзіцца ў следчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ў Менску і трымае галадоўку.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Па словах Паўла Севярынца, удзельнікі грамадскага камітэта арганізоўваюць кампанію ліставання са зняволенным. «Па першае, напішам да яго лісты са словамі падтрымкі і просьбай спыніць ягоную галадоўку. Ну а затым пастараемся дапамагчы з ягоным забеспячэннем, з выпраўленнем здароўя і з тым, каб урэшце рэшт, было адноўлена ягонае сумленнае імя. Калі казаць пра астатніх, на наш погляд, палітычных зняволеных ці пераследуемых па палітычных матывах, то ў нашым спісе на сённяшні момант 13 чалавек. Гэта і арыштаваныя анархісты, гэта і тыя людзі, якія пад следствам ці пад наглядам, як Павел Вінаградаў ці Алеся Садоўская, гэта людзі, якія ў турме, як Эдурад Пальчыс, Міхаіл Жамчужны, Андрэй Бандарэнка. Ім усім патрэбная падтрымка. Галоўная прычына, чаму мы зараз пачынаем актыўныя мерапрыемствы ў падтрымку гэтых пераследуемых грамадзянаў, у тым, што цяпер адбываюцца выбары ў парламент. Еўрапейскія структуры гавораць пра лібералізацыю, а тут у дачыненні да 13 чалавек, прозвішчы якіх вядомыя нам, а можа іх і больш, праводзяцца самыя сапраўдныя рэпрэсіі. Людзі ў турмах, людзі пераследуюцца, трымаюць галадоўкі. І безумоўна, за месяц, які застаўся да выбараў, да 11 верасня, нашая задача давесці да беларускага грамадства, да міжнароднай супольнасці ўсе гэтыя абуральныя выпадкі. Канешне, мы будзем працаваць і з палітвязнямі, і з лідарамі дэмакратычных сіл, і з міжнароднай супольнасцю для таго, каб дапамагчы гэтым людзям. У першую чаргу, гэта кампаніі падтрымкі праз паштоўкі, кампаніі ў сацсетках. У канкрэтных асобных выпадках дапамагаем наўпрост рэпрэсаваным і іх семьям. Акрамя гэтага, 16 жніўня мы плануем правядзенне ў Менску шырокага форума «Свабоду палітвязням!», дзе будзем ставіць рубам усе гэтыя пытанні. І канешне, удзельнікі кампаніі па выбарах у Палату прадстаўнікоў, — якія лічаць сябе дэмакратамі, павінны дапамагчы з распаўсюдам інфармацыі пра палітзняволеных, каб беларуская грамадства ведала пра гэтую праблему», — нагадаў Павел Севярынец.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Паводле грамадскай актывісткі Наталлі Гарачкі-Басалыгі, нечаканае з’яўленне новага вязня Плошчы 2010  Уладзіміра Кондруся, праз 5 з паловай гадоў пасля падзеяў, можна патлумачыць тым, што ўлады баяцца іх паўтарэння. Яны ведаюць настроі грамадства і таму ім патрэбны цяпер напамін пра жорсткія рэпрэсіі мінулага. «Гэта напамін усім, што калі вы выйдзеце на плошчу, з вамі будзе тое ж, што мы зрабілі з Уладзімірам Кондрусем. Гэта закладнік плошчы. Той, якая яшчэ мае быць. Урад Лукашэнкі разумее, што плошча будзе, народ выйдзе. Таму яны ўсё робяць, каб людзі бачылі — калі вы выйдзеце, то з вамі будзе, як з Уладзімірам Кондрусем і іншымі„.

Па меркаванні Наталлі Гарачкі-Басалыгі, улады ведаюць найбольш актыўных удзельнікаў падзеяў Плошчы 2010 года. Нават тых, хто не быў асуджаны. «На кожнага ў іх архівах ёсць дадзеныя. Яны трымаюць іх да нейкага моманту. Калі ім спатрэбіцца прадухіліць нейкую сітуацыю, да якой будзе гатовы народ, яны  завядуць новую справу, каб паўплываць на грамадскую свядомасць, запалохаць — знойдзем і пасадзім нават праз 5 гадоў»,  лічыць Наталля Гарачка-Басалыга.

nikalaichyk

 

Па словах тэлерэжысёра, грамадскай актывісткі Вольгі Нікалайчык, дэмакратычныя сілы павінны патрабаваць ад Еўропы і Злучаных Штатаў Амерыкі вяртання да палітыкі санкцыяў, каб вызваліць гэтых людзей. «Таму што Аляксандр Лукашэнка разумее толькі сілу. І ў нас ёсць вельмі добрая нагода — вераснёўскія выбары ў парламент, у «палатку» прадстаўнікоў. І трэба націснуць на Захад, каб кіраўніку Беларусі было ясна сказана, што ягоныя выбары, якія ўсё-роўна будуць сфальсіфікаваныя, што яны будуць дакладна не прызнаныя, калі ён не выпусціць палітвязняў. Я гэта бачу апошнія 20 гадоў — еўрапейцы з ім умеюць дамаўляцца, калі ім трэба. Хацелася б толькі, каб тут, у Беларусі, было наконт палітзняволеных адзінства і мы ўсе разам звярталіся да Еўраструктураў, да структураў у Амерыцы дзеля вызвалення гэтых 13 палітвязняў», — кажа Вольга Нікалайчык.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Актывіст Антось Жылко зараз спрабуе стаць кандыдатам у дэпутаты на парламенцкіх выбарах. Ён таксама лічыць, што выбарчую кампанію трэба выкарыстаць для вырашэння праблемы палітвязняў. «На жаль, актуальнасць, цікавасць да пытанняў палітвязняў у Беларусі, да працягу тут рэпрэсій, у Еўропе моцна знізілася. Робіцца недастаткова намаганняў, каб вырашыць гэтую праблему і ў самой нашай краіне. Трэба пастаянна агучваць інфармацыю пра рэпрэсіі, каб нашы партнёры былі ў курсе, што рэпрэсіі нарошчваюцца. Будзем імкнуцца падымаць гэтая пытанне у час выбарчай кампаніі. Абгаворвалася асобна, што саюзныя нам кандыдаты, якія пройдуць праз сіта рэгістрацыі, павінны казаць пра зняволеных за палітычную і грамадскую дзейнасць на сваіх пікетах, мерапрыемствах, канцэртах. Будзем працаваць», — запэўніў Антось Жылко

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота аўтара