Міліцыянты ўзяліся за ўдзельнікаў «Крытычнай масы»
Праваахоўныя органы працягваюць пераслед удзельнікаў «Крытычнай масы». Актывістаў і ўдзельнікаў роварнай ініцыятывы пачалі выклікаць у міліцыю за правядзенне акцыі ў чэрвені і ліпені. «Спачатку мяне выклікалі на размову ў міліцыю некалькі тыдняў таму,» – гаворыць актывіст Павал Сяргей:
— Пазаўчора я атрымаў павестку на сённяшні дзень на тры гадзіны дня. Мяне дапытвалі за дзень 24 чэрвеня, калі адбывалася акцыя «Крытычная маса», у якой я нават не ўдзельнічаў. Наколькі мне стала вядома на мяне і на маю сяброўку, Дар′ю Тылецкую былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы без нашага ўдзелу.
«Цікава тое, што мы нават не ўдзельнічалі ў акцыі ў той дзень,» – дадаў Павал Сяргей. Ініцыятыва «Крытычная маса» выступае за прызнанне ровара паўнапраўным удзельнікам транспартнага руху.
Удзельнікаў акцыі перыядычна затрымліваюць і накладаюць адміністратыўныя спагнанні. Актывіст ініцыятывы Зміцер Паліенка ад 29 красавіка знаходзіцца за кратамі. Актывіста вінавацяць у непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі і гвалце ў дачыненні да службовай асобы.
Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя