Замах на лідара ЛНР Ігара Платніцкага (абноўлена)



Прадстаўнікі кіеўскіх уладаў сцвярджаюць, што выбух побач з аўтамабілем кіраўніка непрызнаванай Луганскай народнай рэспублікі Ігара Платніцкага, у выніку якога палітык атрымаў цяжкае раненне, звязаны з барацьбой за ўладу ў рэспубліках Данбаса. Як заявіў у эфіры тэлеканала «112 Украіна» дарадца кіраўніка СБУ Юрый Тандыт, ён даведаўся па закрытых каналах, што на Платніцкага сапраўды быў здзейснена замах. На яго думку, выбух побач з машынай кіраўніка ЛНР можа быць звязаны з барацьбой за ўладу ў самаабвешчаных рэспубліках Данбаса. «Ідуць зачысткі, ідуць ўшчыльненні, рэарганізацыя, і без сілы там не абыходзіцца», – патлумачыў ён.

З падобным меркаваннем выступіў і дарадца кіраўніка МУС Украіны Зоран Шкірак. На яго думку, да падрыхтоўкі замаху на лідараў рэспублік Данбаса могуць быць датычныя расейскія спецслужбы. Замах на Платніцкага адбыўся раніцай у суботу. Фугас спрацаваў каля дарогі, па якой праязджаў аўтамабіль кіраўніка ЛНР. Платніцкі быў шпіталізаваны, раненні атрымалі яшчэ некалькі чалавек.

* * *

На кіраўніка самаабвешчанай Луганскай Народнай Рэспублікі Ігара Платніцкага здзейснена замах. Раніцай побач з яго аўтамабілем адбыўся выбух.

Як паведамляе «ЛуганскИнформЦентр», замах адбыўся ў Луганску на скрыжаванні вуліц Карпінскага і Ватуціна. Пры выбуху таксама атрымалі раненні некалькі чалавек, пашкоджаны фасады прылеглых будынкаў.

Сам Ігар Платніцкі паранены і быў шпіталізаваны ў адзін шпіталёў, пагрозы для жыцця Платніцкага няма.

У сваю чаргу, некаторыя луганскія СМІ перадаюць, што ў лідара самаабвешчанай ЛНР закранутыя жыццёва важныя органы, ён пераведзены ў рэанімацыю.

Па словах відавочцаў, выбуховае прыстасаваньне было прымацавана да дарожнага слупа і выбухнула ў той момант, калі аўтамабіль Платніцкага праязджаў міма.

На дадзены момант тэрыторыя ў радыусе кіламетра ад месца здарэння ачэплена паліцыяй. Пачатыя следчыя мерапрыемствы.

* * *

У Луганску падарвалі аўтамабіль лідара самаабвешчанай Луганскай Народнай Рэспублікі Ігара Платніцкага. Пра гэта са спасылкай на крыніцы ў непрызнанай рэспубліцы паведамляюць шматлікія ўкраінскія СМІ.

Пакуль інфармацыі пра замах на лідара самаагалошанай рэспублікі вобмель. Вядома толькі, што машына Платніцкага выбухнула раніцай 6 жніўня і што падчас гэтага выбуху пацярпелі два чалавекі. Не паведамляецца таксама, хто гэтыя людзі, і ці быў у аўтамабілі сам Ігар Платніцкі. Сярод магчымых версій называюць канфлікт з кіраўніком канкурэнтнай ДНР Аляксандрам Захарчанкам, які ані ў ДНР, ані ў ЛНР асабліва не прыхоўвалі. Кіеўскія аналітыкі таксама не выключаюць умяшальніцтва расейскіх спецслужбаў. Паводле нават некаторых прамаскоўскіх медыя, Ігар Платніцкі выглядаў занадта адыёзным, каб лігімітызаваць ЛНР у вачах сусветнай грамадскасці. Тым часам маскоўскія назіральнікі ўжо вінавацяць у замаху на лідара непрызнанай рэспублікі кіеўскія ўлады, амерыканскія спецслужбы і нават ІГІЛ.

Замах на Платніцкага – не першы, які адбыўся ў непрызнанай ЛНР. У сакавіку мінулага году ў выніку падрыву аўтамабіля і абстрэлу з кулямётаў загінуў вядомы луганскі сепаратыст Аляксей Мазгавы, адзін з ідэолагаў сепаратыстаў. Тады сярод магчымых замоўнікаў забойства Мазгавога называлі менавіта Ігара Платніцкага.

Беларускае Радыё Рацыя