У Менску адзначылі Дзень беларускага кнігадрукавання



Група студэнтаў у сталічным парку Горкага правяла касцюмаванае шоў. Маладзёны віншавалі мінакоў са святам, раздавалі святочныя буклеты і нават правялі майстар-класы па сярэднявечных танцах.

“Шкада, што ў нашай краіне не адзначаюць шырока 6-га жніўня,” – гаворыць арганізатар імпрэзы, студэнт Максім.

– 6 жніўня дзень, у які, 499 год таму, Францыск Скарына надрукаваў першую кнігу на беларускай мове. Мы з сябрамі вырашылі арганізаваць урачыстае свята ў цэнтры горада, таму што, на жаль, нашая дзяржава, нашае грамадства шырока не святкуе гэты дзень, гэты дзень фактычна не гучыць у этэры.

“А мы мусім годна адзначаць адну з найважнейшых дат у нашай гісторыі,” – дадаў студэнт Максім. Напрыканцы імпрэзы да наведвальнікаў парка звярнуўся сам Францыск Скарына, зачытаў прадмову да Бібліі і сфатаграфаваўся з усімі жадаючымі. 499 год таму ў жніўні Францыск Скарына выдаў у Празе першую друкаваную беларускую кнігу – “Псалтыр”.

Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя