Паход у найдаўжэйшы каньён Еўропы
Цясніна Самарыя
Выспа Крыт захапляе ня толькі аматараў гісторыі і пляжнага адпачынку. Тут у аднолькавай ступені знойдзе сабе месца і актыўны адпачынак. Прапаную вам трэкерскі паход у цясьніну Самарыя. Яна знаходзіцца ў найзелянейшай заходняй частцы Крыта – Ханьі.
Гара 2454 метра. Пачатак спуску па цясьніне.
Сярод тузіна цясьнінаў, найвялікшая і найпрыгажэйшая цясьніна ў Еўропе – Самарыйская! Размешчана ў Белых гарах у паўднёва-заходняй частцы Крыта. Цудоўныя скалы, горныя рэчкі й жывапісныя паляны ўплеценыя ў рознакаляровы краскі. Аж дух захоплівае, як туды трапляеш.
Цягнецца Самарыйская цясьніна на 18 кіламетраў, а самае вузкае месца – 3,5 метра. У найбольш вузкім месцы скалы ўзвышаюцца на 300 метраў.
Прайсьці па каньёне можна за 5-8 гадзінаў, з выхадам на ўзьбярэжжа Лібійскага мора. Людзям старэйшым – да 10 гадзінаў. Паколькі ён знаходзіцца ў Нацыянальным парку, то паход там платны: каштуе 5 еўра.
У гэтым нацыянальным парку сустракаецца больш за 450 відаў расьлінаў. Сярод іх – крыцкая мацярдушка, платаны, кіпарыс, каменны дуб. Асабліва аберагаецца рэдкая крыцкая каза: кры-кры (Capra aegagrus creticus). У 60-я гады мінулага стагоддзя від гэтай казы быў на мяжы вымірання. Таму быў створаны Нацыянальны парк. Мне пашчасьціла адну з гэтых козаў сфатаграфаваць падчас паходу.
Сярод жыхароў вёскі Самарыя, якая знаходзіцца ў самым сэрцы Нацыянальнага парку, толькі абслуга. Сапраўдныя жыхары выехалі яшчэ ў 60-х гадах мінулага стагоддзя.
У паход можна выбірацца толькі у вясну-лета, бо ў восень-зіму шмат дажджоў. Гэта выклікае няўтаймаваны паток вады ў цясьніне, падаюць з верхавін камяні. Таму ў гэтую пару Нацыянальны парк закрыты для турыстаў.
Віктар Парфёненка, Беларускае Радыё Рацыя, Самарыйская цясніна