На кватэру юрыста Тамары Сяргей накладзены арышт



На менскую кватэру актывісткі грамадскай ініцыятывы «Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры» юрыста Тамары Сяргей накладзены арышт з-за нявыплаты ёю штрафу за ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі.

Сяргей паведаміла БелаПАН, што 24 чэрвеня Мінгарсуд пакінуў у сіле рашэнне суда Цэнтральнага раёна сталіцы аб штрафе памерам 40 базавых велічынь (840 дэнамінаваных рублёў) за ўдзел актывісткі ў адной з арганізаваных ініцыятывай акцый.

У гэты ж дзень першапачатковае рашэнне суда набыло моц; у актывісткі быў месяц на тое, каб аплаціць штраф. 25 ліпеня, пасля нявыплаты штрафу, матэрыялы аб ім паступілі судовым выканаўцам, а ўжо 27 ліпеня двое выканаўцаў прыйшлі ў кватэру да Сяргей. «Нягледзячы на тое што пастанову аб распачынанні выканаўчай вытворчасці я не атрымлівала, яны адразу прыйшлі. Я іх не пусціла, праз зачыненыя дзверы сказала, каб мяне апавясцілі належным чынам. Літаральна 1 жніўня мне прыйшоў заказны ліст, але атрымала я яго толькі 3 жніўня, паколькі не была ў Мінску», — паведаміла юрыст.

4 жніўня судовыя выканаўцы прыйшлі зноў, паведамілі пра накладанне арышту на кватэру Сяргей, у якой яна жыве з двума членамі сям’і, і мелі намер агледзець усю маёмасць.

Актывістка звяртае ўвагу на хуткасць, з якой судовыя выканаўцы ўзяліся за спагнанне з яе штрафу. «Хуткасць гэтых дзеянняў проста ўражвае і даказвае, што да мяне ставяцца не так, як да звычайных грамадзян. Часам судовыя выканаўцы на гады зацягваюць вытворчасць, а тут на працягу тыдня двойчы прыходзілі і стаялі каля дзвярэй», — адзначыла яна.

Сяргей звяртае ўвагу на дзве акалічнасці: па-першае, парушана яе права на абскарджанне рашэння аб распачынанні выканаўчай вытворчасці, паколькі не вытрыманы адведзены на гэта тэрмін, па-другое, Грамадзянска-працэсуальны кодэкс забараняе накладанне арышту на жыллё, у якім непасрэдна жыве адказчык. Гэта яна выклала ў скарзе на імя начальніка раённага аддзела судовага выканання, пададзенай 5 жніўня. Акрамя таго, падкрэсліла Сяргей, у яе ёсць легальны даход і судовыя выканаўцы маглі вылічваць сродкі з яго, але не сталі гэтага рабіць. «Хачу звярнуць увагу на неадэкватнасць сітуацыі: памер штрафу — 422 долары, а арышт накладваюць на нерухомасць», — адзначыла актывістка.

8 жніўня Сяргей была на прыёме ў кіраўніцтва ўпраўлення прымусовага выканання галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама. «Я сказала: у маю кватэру яны ўвойдуць толькі ўзламаўшы мае металічныя дзверы», — сказала юрыст.

Пры гэтым Сяргей падкрэсліла, што прынцыпова не мае намеру аплачваць штраф, паколькі лічыць пастанову аб ім незаконнай. «У мяне тут выразная пазіцыя: суды проста выконваюць рашэнні Адміністрацыі прэзідэнта. Мы спрабавалі данесці свае праблемы, і рэакцыю на нашы дзеянні я расцэньваю як адказ кіраўніка дзяржавы на нашы звароты», — заявіла актывістка.

Грамадская ініцыятыва «Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры» аб’ядноўвае пераважна людзей пажылога ўзросту з розных рэгіёнаў, чые сваякі, на іх думку, пацярпелі ад судовага і міліцэйскага самавольства. Актывісты ініцыятывы перыядычна праводзяць у Менску вулічныя акцыі, на якіх спрабуюць прыцягнуць увагу да сваіх праблем. Таксама члены ініцыятывы неаднаразова рабілі спробы калектыўных зваротаў у Адміністрацыю прэзідэнта.

БелаПАН