“Ты ў мяне, пацук выканкамаўскі, зараз анучай дастанеш!..”



Паведамленні пра парушэнні Выбарчага кодэкса з боку праўладных структур сталі традыцыйнымі ва ўсіх перадвыбарчых справаздачаў у Беларусі. У правінцыі, дзе назіральнікаў ад праваабароцаў куды менш, чым у Менску, гэтыя парушэнні маюць непрыхаваны і сістэмны характар.

Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з Юрыем Ляшэнкам, які балатуецца ў дэпутаты ў родным Светлагорску, а таксама распытаў, як ацэньваюць перабвыбарчую кампанію ў суседняе Украіне, куды Юрый Ляшэнка прыехаў па грамадскіх справах.

Юрый Ляшэнка: Балатуюся я і шляхам збору подпісаў маёй ініцыятыўнай групы, і ад “Партыі зялёных”. У нашым рэгіёне пяць кандыдатаў у дэпутаты. Праўладны кандыдат – Галіна Філіповіч, якая ідзе на трэці тэрмін. Падчас збору подпісаў сябры  маёй ініцыятыўнай групы гаварылі з людзьмі, і стаўленне ў Светлагорску да Філіповіч не надта прыязнае. Вось просценькі прыклад. Калі мая ініцыятыўная група збірала подпісы, шмат хто гаварыў – маўляў, мы ўжо за Філіповіч падпісаліся. Скажам, на працоўных месцах, на тым жа Светлагорскім цэлюлоза-кардоненым камбінаце, на Хімвалакне, прыходзілі начальніці цэхаў з ужо гатовымі лістамі, і гучалі каманды – усім падпісацца! На заводзе Жалезабетонных вырабаў і канструкцый нават затрымалі змену на гадзіну. Там прагучалі яшчэ цікавейшыя словы: маўляў, не забывайцеся, што ў нас кантрактная сістэма, і той, хто не за Філіповіч… ну, вы разумееце. І людзі, якія былі прысутнымі, былі змушаныя за тую Галіну Філіповіч галасаваць.

РР: Тое, што вы разказваеце, з’яўляецца парушэннем Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь. Ці былі нейкія спробы супрацьстаяць гэтаму, а як былі, то якія?

Юрый Ляшэнка: Усе гэтыя парушэнні фіксуюцца нашымі незалежнымі назіральнікамі. Потым на кожнае парушэнне будзе пісацца скарга, каб даць гэтаму розгалас. Між іншым, каб не было нагоды подпісы за маё вылучэнне ў Палату прадстаўнікоў адклікаць, кожны подпіс  фіксуюцца на дыктафон.

РР: Вы гаварылі пра назіральнікаў за зборам подпісаў. Але ж спецыфіка беларускіх выбараў іншая – найважнейшыя назіральнікі за падлікам галасоў, куды прадстаўнікам сілаў, не набліжаных да ўлады, вельмі цяжка патрапіць. Тая ж старшыня ЦВК Ярмошына нядаўна заявіла, што “маргіналам не месца ў выбарчых камісіях”…

Юрый Ляшэнка: У нашым Светлагорску партыя “Справядлівы свет” падала каля сарака заявак быць прадстаўнікамі ў выбарчых камісіях. Адправілі па пошце, як і мае быць. Зарэгістраваць іх былі павінны да 24-га ліпеня. Не зарэгістравалі, звярнуліся ў выбарчую камісію, атрымалі такі адказ: мы, маўляў, нічога не атрымлівалі, срокі рэгістрацыі скончыліся. У выніку падалі ў суд, прад’явілі паштовыя квітанцыі. І высвятлілася наступнае: аказваецца, супрацоўніца выканкаму прыйшла на пошту, каб тую заяву атрымаць, а там была вялікая чарга. Яна затэлефанавала начальніку, той параіў ісці дахаты. Наступным днём адбылося тое ж самае. Калі гэта высвятлілася на судзе, то суддзя сказаў: маўляў, не бачу прычынна-выніковай сувязі паміж выканкамам і поштай… Таму і не зарэгістравалі незалежных назіральнікаў у Светлагорску.

РР: У Беларусі існуе і такая думка: маўляў, тыя, хто бярэ ўдзел у выбарах, насамрэч легітымізуюць тыя выбары ў вачах таго ж Еўразвязу. А таму ў гэтых выбарах, маўляў, не варта ўдзельнічаць. Чаму вы ўсё ж вырашылі ісці на выбары?

Юрый Ляшэнка: Значная частка людзей, напэўна, на выбары не пойдзе. Але ж паводле водгукаў маёй ініцыятыўная групы, наша дзейнасць ацэньваецца даволі станоўча. Мы займаемся і праблематыкай безбар’ернага асябродку, і пытаннямі наркаманіі, і ВІЧ-інфекаванымі, і шмат іншым. То бок, маем пэўны аўтарытэт. Калі ўлады ўсё ж прапіхнуць сваю кандыдатку, то будзе відавочна, як тыя фарс-выбары адбываліся.

РР: Якую яўку вы прагназуеца ў родным Светлагорску?

Юрый Ляшэнка: Мяне падчас выбарчай кампаніі падтрымліваў Алесь Макаеў. І вось прыходзіць ён у стройчыку, з гальштукам – рыхтык, выканкамаўскі чыноўнік. А ў калідоры яго сустракае звычайнай тэхнічка, са швабрай і вябром. І кажа: “ты ў мяне, пацук выканкамаўскі, зараз анучай дастанеш!..” Калі ён патлумачыў, што, маўляў, не з выканкаму, а з ініцыятыўнай групы кандыдата не ад улады, тэхнічка супакоілася. Сабраўся поўны калідор людзей. Пагаварылі… Агульная думка: людзей на выбарах будзе вобмель, бо ўсе стаміліся і ад гэтай улады, і ад пустых абяцанак. Настрой у людзей нядобры…

А вось як ацэньваюць выбары ў беларускую Палату прадстаўнікоў жыхары Чарнігаўшчыны, якая суседнічае з Гомельскай вобласцю:  

– Нельга гаварыць пра якую-небудзь дэмакратыю ў Беларусі.  Гэта – дыктатура. Палітычная апазіцыя ў прыгнечаным стане, а народ запалоханы…

– У Беларусі і афіцыйная прэса, і тэлевізія, і ўсе галіны ўлады падпарадкоўваюцца вузкаму колу людзей, якія, у сваю чаргу, падпарадкуюцца цяперашняму прэзыдэнту. Таму нельга гаварыць пра дэмакратычныя выбары. Гэта проста фарс…

Акрамя Юрыя Ляшэнкі, па 46-ай выбарчай акрузе Светлагорска балатуюцца дзейсны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Галіна Філіповіч, а таксама прадпрымальнікі, механік аўтакалоны і чалец ліберальна-дэмакратычнай партыі са Жлобіна.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя