Урачыстасці ў гонар Супрасльскай Іконы Божай Маці



У Дабравешчанскім манастыры ў Супраслі працягваюцца двухдзённыя ўрачыстасці ў гонар Супрасльскай Іконы Божай Маці. У іх удзельнічаюць пяць епіскапаў на чале з Мітрапалітам Савам і тысячы вернікаў з Падляшша і ўсяе Польшчы.

Урачыстасці пачаліся ўчора, у аўторак, у 18 гадзін з усяночнага чування ва ўнікальным, адбудаваным ад фундаментаў, храме-крэпасці, дзе зараз сербскія іканапісцы распісваюць яго сцены паводле ўзору амаль 500-гадовай даўніны. Затым быў адслужаны акафіст перад Супрасльскай іконай Божай Маці і паніхіда ў манастырскіх катакомбах.

Сёння, 10 жніўня, у 2 і 5 гадзін раніцы служыліся дзве літургіі і ў 10 гадзін адбылася галоўная багаслужба, якую ачоліў мітрапаліт Сава.

Супрасльская ікона Божай Маці з’яўляецца копіяй Смаленскай іконы, шанаванай на рускіх землях з ХІІ  стагоддзя. Яна была ахвяраваная манастыру ў 1503 годзе смаленскім епіскапам Язэпам Салтанам. Ікона праслыла многімі цудамі і шануецца да сённяшняга дня як заступніца Беластоцкай зямлі – як праваслаўнымі, так і каталікамі. У часы бежанства яе арыгінал знік, затое існуюць яе копіі, у прыватнасці ў выглядзе беластоцкай іконы.

Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя