У Кіеве прэзентуюць фільм пра Віталя Ціліжэнку
У Кіеве прэзентуюць дакументальны фільм беларускага рэжысёра Антося Цялежнікава, прысвечаны Віталю Ціліжэнку – аднаму з заснавальнікаў Тактычнай групы “Беларусь”.
Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война:
– Віталь Ціліжэнка з пазыўным “Кекс” ваяваў на ўсходзе Украіны ад самага пачатку антытэрарыстычнай аперацыі: удзельнічаў у вызваленні заблакаваных байцоў украінскіх узброеных сіл у Данецкім аэрапорце, вёў абарончыя баі ў Луганскай вобласці. Ціліжэнка быў адным з ініцыятараў стварэння Тактычнай групы “Беларусь” – вайсковага фармавання ў складзе Добраахвотнага ўкраінскага корпуса “Правы сектар”, якое аб’яднала беларусаў, што ваююць за незалежнасць Украіны. 10-га жніўня 2015 года Ціліжэнка загінуў падчас танкавай атакі расейскіх войск пад Валнавахай. Фільм Антося Цялежнікава прысвечаны памяці Віталя Ціліжэнкі, заснаваны на дакументальных кадрах і ўспамінах людзей, якія добра ведалі героя.
Прэм’ера дакументальнага фільма Антося Цялежнікава адбудзецца ў Нацыянальным музеі гісторыі Украіны ў Другой сусветнай вайне.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя