Атручаная вада



– Вада атручаная! Вада ў Дняпры атручаная! Атручаная! –

другія суткі лунае над Дняпром у Воршы крык з ратавальнай станцыі. – Нельга купацца!

Кампанія з чатырох чалавек не жадае пакідаць пляж. Ратавальнікі выклікаюць міліцыю.

І вось ужо чатырох троху падпіты купальшчыкаў цягнуць ў міліцэйскую машыну.

– Я буду бороться за свои права! – заяўляе перад пасадкай у машыну адна з экстрымальных купальшчыц.

10 жніўня 2016 года. Другія суткі па Дняпры плывуць мёртвыя рыбы – вялікія, як мёртвыя людзі. Тапельцы.

Рыбін канец свету. Ляшчы, падлешчыкі, самЫ па паўтары метры. Вада ў рацэ цёмна-брунатнага колеру. Мёртвая вада.

Мёртвая рыба мае несвежы выгляд. Успухлая. Пажаўцелая.

Мёртвая рыба плыве з Расеі, дзе нешта здарылася, а што? Невядома!

Афіцыйная версія – вада разлілася з-за павадкі і затапіла кусты і траву, якія загнілі і ўзровень кіслароду ў вадзе наблізіўся да нуля. І ўсё гэта пры высокай тэмпературы паветра, таму рыбы задыхнуліся. Але карціна больш характэрная для азёраў, цяжка ўявіць, што такое мгачыма ў Дняпры з хуткай плынню.

Яшчэ адна версія – аміак, які быў зліты ў Дняпро пад Смаленскам несумленнымі людзьмі без ўяўлення пра экалагічнае мышленне.

Што паказалі аналізы, якія ўзяла беларуская санстанцыя – невядома.

А купацца нельга, бо:

– Вада ў Дняпры атручаная! Атручаная!

А нешта кажа, што гэта дыверсія, што ўсходні сусед так паказвае, што можа зрабіць з намі што хоча. А яшчэ Дняпро плыве і ва Украіну… І таму хутка расейская мёртвая рыба паплыве і там.

Дыверсія – думка паранаідальная, а між тым:

– Вада ў Дняпры атручаная!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ