Завяршаецца рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты



Сёння завяршаецца працэс рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі шостага склікання.

ЦВК

Фота tut.by

Усяго, паводле даных Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, кандыдатамі ў дэпутаты было вылучана 630 чалавек. З іх 507 вылучаліся адным суб`ектам, 111 — двума, 12 — трыма. Шляхам збору подпісаў вылучана 245 прэтэндэнтаў, працоўнымі калектывамі — 133, палітычнымі партыямі — 387. Апазіцыйныя партыі вылучылі: Беларуская партыя „Зялёныя” — пяць прэтэндэнтаў у дэпутаты, Беларуская партыя левых „Справядлівы свет” — 46, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) — 28, Аб`яднаная грамадзянская партыя — 67, Партыя БНФ — 60.

Сярод тых, хто падаў дакументы на рэгістрацыю, — 145 жанчын, 61 грамадзянін ва ўзросце да 30 гадоў, 51 дэпутат мясцовых саветаў, 28 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў дзейнага склікання, 45 непрацуючых і 51 пенсіянер.

Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, каментуючы колькасць вылучаных прэтэндэнтаў у дэпутаты, заявіла, што з аптымізмам глядзіць на ход выбарчай кампаніі.

Паводле яе слоў, на бягучых парламенцкіх выбарах дакументы на рэгістрацыю кандыдатам у дэпутаты падалі на 130 прэтэндэнтаў больш, чым на выбарах у парламент 2012 года. „Лічба парадавала. Яна дазваляе адчуваць аптымізм, што выбарчая кампанія будзе больш жывой і цікавай, што павялічыць яўку выбаршчыкаў на галасаванне”, — сказала кіраўнік ЦВК.

Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты пачалася 2 жніўня. Ужо вядома, што яе прайшлі першы намеснік старшыні руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч, сустаршыні кампаніі „Гавары праўду” Таццяна Караткевіч і Андрэй Дзмітрыеў, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў, экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч, першы намеснік старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч, члены Аб`яднанай грамадзянскай партыі Юрый Хашчавацкі, Вольга Маёрава, Ганна Канапацкая і Павел Стэфановіч, член Партыі БНФ філосаф Уладзімір Падгол (пасля паўторнага пасяджэння камісіі).

Адмоўлена ў рэгістрацыі намесніку старшыні руху „За Свабоду” Алесю Лагвінцу, намесніку старшыні АГП Мікалаю Казлову, члену Партыі БНФ Мікалаю Яшчуку.

З дня рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты па 10 верасня ўключна будзе праходзіць перадвыбарная агітацыя.

Кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў мае права бясплатна апублікаваць сваю перадвыбарную праграму ў адной з рэспубліканскіх газет („Звязда”, „Народная газета”, „Рэспубліка”), адпаведнай абласной і мінскай гарадской газеце („Заря”, „Витебские вести”, „Гомельская праўда”, „Гродзенская праўда”, „Мінская праўда”, „Магілёўскія ведамасці”, „Вячэрні Мінск”), а таксама ў раённай ці гарадской газетах, якія выдаюцца на тэрыторыі канкрэтнай выбарчай акругі.

Акрамя таго, кандыдат у дэпутаты мае права на адзін бясплатны выступ па тэлебачанні і адзін выступ па радыё працягласцю не больш за пяць хвілін кожны.

Кандыдаты, якія балатуюцца ў акругах, утвораных на тэрыторыі Менска, змогуць выступіць у эфіры тэлеканала „Беларусь 3” і радыёстанцыі „Радио-Минск”, Менскай вобласці — у эфіры тэлеканала „СТВ” і радыёстанцыі „Минская волна”, іншых абласцей — у эфіры абласных тэлерадыёкампаній. Эфірны час для выступаў даецца па працоўных днях з 15 жніўня па 2 верасня на тэлебачанні — з 19.00 да 20.00, па радыё — з 7.00 да 8.00.

Прадугледжана таксама правядзенне тэледэбатаў, калі ў іх пагодзіцца ўзяць удзел не менш як два кандыдаты, якія балатуюцца ў адной выбарчай акрузе. Пры гэтым эфірны час на дэбатах будзе давацца з разліку: не больш за 5 хвілін — аднаму кандыдату і 5 хвілін — вядоўцу дэбатаў.

belapan.by