Больш за 85% укладаў беларусы захоўваюць у замежнай валюце



Беларусы па-ранейшаму лічаць за лепшае размяшчаць у банках дэпазіты ў замежнай валюце. Да такой высновы прыйшлі спецыялісты Нацыянальнага банка паводле вынікаў абследавання банкаў за другі квартал 2016 года.

даляр

У абследаванні Нацбанка, у межах якога ацэньвалася сітуацыя з прыцягненнем тэрміновых банкаўскіх укладаў насельніцтва, узяў удзел 21 беларускі банк з 25. Звесткі банкаў за другі квартал сведчаць пра тое, што насельніцтва працягвае захоўваць зберажэнні пераважна ў замежнай валюце.

„Насельніцтва па-ранейшаму пераважна ажыццяўляе зберажэнні ў замежных валютах. Удзельная вага такіх укладаў у агульным аб’ёме тэрміновых банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) на 1 ліпеня 2016 года склала 149 трлн. (недамінаваных.) рублёў, або 85,3%, знізіўшыся за другі квартал на 0,8 працэнтнага пункта”, — гаворыцца ў абследаванні.

У даляравым выражэнні, паведамляе Нацбанк, уклады насельніцтва за другі квартал знізіліся на 270 млн. даляраў ЗША, або на 3,5%, і на 1 ліпеня склалі 7,43 млрд. даляраў ЗША.

Як паведамляе рэгулятар, у другім квартале адток укладаў насельніцтва адбываўся практычна ва ўсіх буйных беларускіх банках. У красавіку—чэрвені прырост тэрміновых банкаўскіх укладаў адбыўся толькі ў „Банку БелВЭБ” (дэпазіты насельніцтва павялічыліся на 0,51 трлн. рублёў, або 6,8%).

У іншых банках у другім квартале назіраўся адток дэпазітаў насельніцтва. Так, уклады фізічных асоб у „Беларусбанку” за другі квартал скараціліся на 2,41 трлн. рублёў, або на 3%, у „Белінвестбанку” — на 1,06 трлн. рублёў (8,7%), у „Белаграпрамбанку” — на 0,97 трлн. рублёў (2,9%), у „БПС-Ашчадбанку” — на 0,81 трлн. рублёў (5,1%), у „Прыёрбанку” — на 0,35 трлн. рублёў (4,8%).

Як вынікае са звестак Нацбанка, лідарам па аб’ёме прыцягнутых укладаў насельніцтва застаецца „Беларусбанк” (аб’ём дэпазітнага партфеля на 1 ліпеня складаў 78,9 трлн. рублёў). У пяцёрку найбуйнейшых банкаў па аб’ёме прыцягнутых дэпазітаў насельніцтва на 1 ліпеня таксама ўвайшлі „Белаграпрамбанк” (31,9 трлн. рублёў), „БПС-Ашчадбанк” (15,2 трлн. рублёў), „Белінвестбанк” (11 трлн. рублёў), „Банк БелВЭБ” (8 трлн. рублёў).

Як адзначаў раней Нацыянальны банк, сёлета на фоне зніжэння даходаў грамадзян назіраецца схільнасць насельніцтва захоўваць аб’ёмы спажывання на дакрызісным узроўні, што цягне адток укладаў насельніцтва з банкаў.

„Сярэднямесячны адток валютных укладаў — 100 млн. даляраў, а продаж валюты насельніцтвам — 200 млн. даляраў. Такім чынам, яшчэ 100 млн. даляраў насельніцтва дастае, як у нас кажуць, з-пад матраца і расходуе на бягучае спажыванне”, — канстатаваў ў чэрвені падчас канферэнцыі ў Менску начальнік галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацбанка Дзмітрый Мурын.

belapan.by