У Слуцку гараджане ствараюць горад мараў
Праект быў заснаваны кандыдатам у дэпутаты ад Руху “За Свабоду” Алінай Нагорнай. Дзяячка вырашыла прапанаваць случакам наноў паглядзець на ўласны горад непасрэдна падчас інфармацыйных выбарчых пікетаў.
– Калі ў нас адбыўся першы пікет у Слуцку, то для Слуцка гэта была вельмі значная падзея, такога яшчэ не бачылі. Жыхары Слуцку падыходзілі і стваралі ідэальны горад. Яны прыляплялі налепачку з тым, што б яны хацелі бачыць у Слуцку. Я планую на агітацыйных пікетах скончыць фармуляванне гэтага стэнда, сфатаграфаваць і даслаць яго ў райвыканкам.
“Цяжка паверыць, што ўлады станоўча адрэагуюць, але праект можа стаць маленькім крокам да паляпшэння горада,” – дадала Аліна Нагорная. Пікеты Нагорнай прыцягвалі шмат увагі. Сустрэчы праводзіліся не толькі з музычным суправаджэннем, але і арганізоўваліся пляцоўкі з настольнымі гульнямі.
Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя
Фота spring96.org