Мінкультуры абяцае не рабіць памылак на білбордах
Міністэрства культуры абяцае больш уважліва сачыць за зместам сваіх білбордаў – недарэчных памылак больш не будзе. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Менску заявіла першая намесніца міністра культуры Ірына Дрыга.
Міністэрства культуры абяцае больш уважліва сачыць за зместам сваіх білбордаў – недарэчных памылак больш не будзе.
Нагадаем, білборд, прысвечаны Году культуры, быў усталяваны на скрыжаванні сталічных вуліц Першамайскай і Пуліхава. На ім, апроч чатырох граматычных памылак, было напісана, што Скарына — „асветнік і грамадскі дзеяч XV стагоддзя”.
Паводле Ірыны Дрыгі, пры ўзгадненні сацыяльнай рэкламы з выканаўцамі Мінкультуры будзе надаваць больш увагі яе форме і зместу:
– Добрае пачынанне павінна і добра рэалізоўвацца. Наступны год – гэта юбілей беларускага кнігадрукавання. Я думаю, што ўвага да асобы Францыска Скарыны, да гісторыі беларускага кнігадрукавання будзе яшчэ больш пільнай. Мы, мясцовыя ўлады і нашыя арганізацыі культуры зробім усё, каб інфармацыя падавалася дакладна, каб не было памылак у змесце і форме, у тым ліку ў выкананні нормаў сучаснай беларускай літаратурнай мовы.
Зазначым, што 11 жніўня ў цэнтры Менска з’явіўся новы білборд ад Міністэрства культуры. Ізноў не абыйшлося без памылак.
У рэкламе беларускіх музеяў слова „любіш” напісана з мяккім знакам на канцы, слова „сваю” напісана праз „о”.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота sputnik.by