Таццяна Севярынец і Алена Шабуня зарэгістраваны кандыдатамі
Адміністрацыйная справа ў дачыненні да прадстаўнікоў аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя» у Віцебску Таццяны Севярынец і Алены Шабуні закрытая.
Нагадаем, што на пікеце 27 ліпеня на іх былі складзеныя пратаколы падчас правядзення сумеснага пікета, прысвечанага гадавіне прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Падчас акцыі яе ўдзельнікі праспявалі гімн «Магутны Божа» і песню «Сцяг». Спевы падчас пікету па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатамі міліцыянты кваліфікавалі як несанкцыянаваную масавую акцыю.
Рашэннямі акруговых камісій ад 10 жніўня Севярынец і Шабуня зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Кажа Таццяна Севярынец:
– Я спадзявалася, што ўсё будзе добра, бо праўда на маім баку. Я ведаю ў якой рэчаіснасці мы жывём, але мне так хацелася быць зарэгістраванай, бо ў мяне столькі ідэяў і вельмі хочацца гэта ўсё ажыццявіць. Сёння я атрымала абвестку пра тое, што справа супраць нас спыненая. Таскама я была ў камісіі, дзе мне выпісалі пасведчанне.
Актывісты аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя» ідуць на выбары ў складзе правацэнтрысцкай кааліцыі беларускай апазіцыі, куды таксама ўваходзяць Аб’яднаная грамадзянская партыя і Рух «За Свабоду».
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота svaboda.org