Андрэй Дзмітрыеў прапануе ўзаконіць дэбаты кандыдатаў



Лідар руху “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў, які зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, распавёў, што яго канурэнты па акрузе не хочуць удзельнічаць у дэбатах.

У сацыяльных сетках Дзмітрыеў напісаў, што “ён адзіны ў акрузе, хто згадзіўся ўдзельнічаць у дэбатах”.

“Астатнія тры кандыдаты: дырэктар прадпрыемства ад “партыі чыноўнікаў”, бухгалтар БРСМ ад КПБ і бізнесмен ад ЛДПБ – адмовіліся браць удзел”, – дадаў палітык.

Андрэй Дзмітрыеў: Канкурэнты адмаўляюцца ад палемікі не толькі па маёй акрузе, але і ў іншых, дзе балатуюцца нашы кандыдаты. Асабіста я звярнуўся да ўсіх апанентаў, зрабіў гэта і публічна, і непублічна. Лічу, што дэбаты – гэта ў першую чаргу павага да выбаршчыка, якому так прасцей зразумець, хто і чаго варты, якую пазіцыю мае і ці здольны яе адстойваць. Бо сапраўдны парламент – месца, дзе павінны адстойваць пазіцыю. Да таго ж, свабоду палемікі і міжнародныя назіральнікі лічаць адным з крытэрыяў ацэнкі выбараў. Увогуле, на будучае, калі ў нас дэпутаты такія аморфныя, я прапаную заканадаўча зрабіць дэбаты кандыдатаў не правам, а абавязкам. 

РР: У якім фармаце вы прапаноўвалі правесці дэбаты?

Андрэй Дзмітрыеў: Кандыдатам прадастаўляецца эфірны час, яго і можна было б выкарыстаць. На жаль, ніхто не згаджаецца на дыскусію.

РР: На ваш погляд, чаму?

Андрэй Дзмітрыеў: Магчыма, не ўпэўнены ў сабе, але тады навошта наогул ісці на выбары. Можа быць, людзям ёсць што хаваць, і яны баяцца вострых пытанняў.

РР: Як ацэньваеце свае шанцы на перамогу ў акрузе?

Андрэй Дзмітрыеў: У мяне добрыя шанцы, я шмат працую з выбаршчыкамі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя