Мікалай Статкевіч адзначае 60-гадовы юбілей



Былому палітвязню Мікалаю Статкевічу 12 жніўня споўнілася 60 гадоў. За апошнія шэсць гадоў гэта першы дзень нараджэння, які ён сустракае на волі.

«Я асабліва не замарочваюся ўсялякімі святамі, а дзень нараджэння — гэта такі дзень, калі табе юрыдычна становіцца на год больш, — сказаў Статкевіч. — Аднак апошні раз я мог са сваімі блізкімі сустрэць дзень нараджэння ў 2010 годзе. Так што цяпер гэта, напэўна, больш магчымасць сустрэцца з тымі людзьмі, якіх хацеў бы ўбачыць».

Паводле слоў Статкевіча, пакуль у яго ёсць сілы і энергія, ён мае намер выдаткоўваць іх на важную для яго справу — «нармальная паспяховая еўрапейская і беларуская Беларусь».

«На жаль, улады сваім жаданнем захаваць сябе і свае пасады завялі нашу краіну ў тупік. Нам хутка, магчыма, давядзецца проста змагацца за самазахаванне Беларусі як дзяржавы, бо, ператварыўшы краіну ў нейкага паразіта пры Расеі, спадзеючыся нешта сабе забяспечыць, Лукашэнка паставіў нас у вельмі складаную сітуацыю, — мяркуе Статкевіч, — Яго хваравітае імкненне захаваць уладу загнала нас у тупік, і цяпер нават да яго гэта дайшло, што Расія за ўсё меншыя грошы будзе патрабаваць усё больш і больш. У рэшце рэшт запатрабуе ўсю нашу краіну».

Статкевіч таксама адзначыў: «У культурным плане, што зроблена па знішчэнні нашых культурных каштоўнасцяў і нашай мовы, — гэта ўжо ніжэй за плінтус. А гэта адна з асноў аховы бяспекі нашай дзяржавы. Вялікі калгас у эканоміцы, калі жаданне ўсім кіраваць і забяспечваць сабе палітычную ўладу забілі на корані прыватную ініцыятыву. Так што сумаваць мне не давядзецца. Я лічу сябе беларусам, адношу сябе да беларускай нацыі, у мяне ёсць пачуццё адказнасці за лёс нашай нацыі і краіны, і гэта для мяне адзін з самых моцных матываў ва ўсім, што я раблю. Пакуль буду жывы, буду старацца нешта рабіць для Беларусі».

Мікалай Статкевіч нарадзіўся ў Слуцкім раёне Менскай вобласці. Скончыў Менскае вышэйшае інжынернае зенітнае ракетнае вучылішча супрацьпаветранай абароны (1978). Кандыдат тэхнічных навук (1986). Вучыўся ў дактарантуры (1990—1993). Стваральнік і кіраўнік грамадскага аб’яднання «Беларускае згуртаванне вайскоўцаў» (1991—1995).

З 1995 года ўзначальваў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Народная Грамада). У канцы 2004 года ў партыі здарыўся раскол, і ў студзені 2005-га Мінюст прызнаў факт выключэння Статкевіча з партыі. У 2005 годзе Статкевіч заявіў пра намер зноў заснаваць БСДП (Народная Грамада).

У маі 2005 года палітык быў прыгавораны да трох гадоў абмежавання волі за арганізацыю 18—19 кастрычніка 2004 года ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парламенцкіх выбараў і рэферэндуму. Пакаранне адбываў у Баранавічах Берасцейскай вобласці і вёсцы Блонь Пухавіцкага раёна Менскай вобласці.

У маі 2011-га суд Ленінскага раёна Менска прыгаварыў Статкевіча да шасці гадоў пазбаўлення волі, прызнаўшы яго вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень выбараў прэзідэнта 19 снежня 2010 года. Міжнародныя арганізацыі абвясцілі яго палітычным вязнем. Статкевічу неаднаразова прапаноўвалі напісаць просьбу аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, аднак асуджаны палітык катэгарычна адмаўляўся гэта рабіць.

Ён і яшчэ пяцёра палітвязняў былі вызваленыя 22 жніўня 2015 года на падставе рашэння кіраўніка дзяржавы.

belapan.by