Дэмкандыдаты ідуць на выбары з канкрэтнымі праграмамі
Агітацыя ў Беларусі распачалася. Зарэгістраваныя кандыдаты ў дэпутаты ідуць да выбарцаў з канкрэтнымі прапановамі па змене ўлады. З такім пасланнем ідуць і прадстаўнікі аргкамітэта па стварэнні Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі. Паводле Дзяніса Садоўскага, у Беларусі трэба вярнуць сумленыя выбары, а хрысціянскія дэмакраты – тая сіла, якая гатовая ўзяць на сябе адказнасць.
– Гэтую ўладу трэба мяняць. У тым эканамічным крызісе, які зараз ёсць у Беларусі, адказная сённяшняя ўлада, і яна сябе дыскрэдытавала. Ёсць у нас асноўныя мэты, якія мы прапаноўваем, і асноўныя “кропкі”, якія найбольш балючыя – гэта рэформа жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Мы тут маем канкрэтныя прапановы. Таксама балючае пытанне – пенсійная рэфрма. І мы маем наш адказ на гэта. Эканамічныя рэфрмы. І ахова здароўя. Вось гэтыя чатыры пункты.
Па Берасцейскай вобласці ад Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) вылучаліся 11 прадстаўнікоў і ўсе яны зарэгістраваныя ў якасці кандыдатаў. Ганна Канюс, якая балатуецца ў Берасцейскай усходняй акрузе №3 ідзе да выбарцаў з сацыяльным пасланнем.
– Ёсць шэраг праблемаў – і ў Берасці, і цалкам у Беларусі, якія маюць свае карані ў заканадаўстве – у тым, што ў нас няспраўная заканадаўчая ўлада. Яна не працуе для насельніцтва, яна працуе невядома для каго. Трэба гэта ўсё мяняць – мірным, эвалюцыйным шляхам, ісці да пераменаў, каб нашая краіна была добрая для жыхароў краінаў, а не толькі для чыноўнікаў.
Прадстаўнікі беларускай апазіцыі разумеюць, што ўлады па-ранейшаму не прапусцяць іх у парламент і сцвярджаюць, што гэтую электаральную кампанію выкарыстоўваюць выключна для папулярызацыі сваіх ідэяў.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя