Валер Карбалевіч: Меншая колькасць адмоваў тлумачыцца проста
Больш ліберальным, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына назвала працэс рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты падчас сёлетняй парламенцкай кампаніі. 521 чалавек зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу шостага склікання. Дакументы на рэгістрацыю падавалі 630 чалавек. Адмоўлена ў рэгістрацыі 93 прэтэндэнтам, яшчэ 16 адклікалі заявы пра жаданне балатавацца. Гэта значыць, толькі 17% адмоваў, падчас папярэдняй кампаніі іх было 25%. Меншая колькасць адмоваў тлумачыцца проста – сказаў у нашым эфіры палітычны аналітык Валер Карбалевіч:
— На гэтых выбарах беларускія палітычныя партыі, і праўладныя і апазіцыйныя, супольна вылучылі на 136 прэтэндэнтаў больш чым на папярэдніх выбарах. Паколькі больш было прадстаўнікоў палітычных партый, то партыі вылучаліся не шляхам збору подпісаў, а шляхам вылучэння менавіта ад партыі. У выбарчых камісій было менш магчымасцяў злавіць кандыдата на недакладнасцях у час збору подпісаў.
Канкурэнцыя на выбарах прыкладна 5 чалавек на адно месца ў парламенце. Безальтэрнатыўных акругаў сёлета няма. Выбары пройдуць 11 верасня.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя