Паліграф пацвердзіў, што Сіла не прымаў мельдоній
14 жніўня беларускі таэквандыст Арман-Маршал Сіла і ягоная трэнерка Юлія Сухавіцкая прайшлі праверку з выкарыстаннем паліграфа (так званага дэтэктара хлусні) пасля таго, як у крыві спартоўца знайшлі допінг. Пра гэта федэрацыя паведаміла ў сваім «Фэйсбуку».
Праверка пацвердзіла, што абодва не маюць ніякага дачынення да прыёму дадзенага прэпарату або іншага допінгу.
«Гэты прэпарат таэквандысты для паляпшэння вынікаў не патрэбны — апошні раз мяльдоній мы выкарыстоўвалі ў траўні 2015 года падчас збораў у межах фізіялагічнага аднаўлення і агульнага курсу фармакалогіі. Была такая практыка. Але як толькі ў траўні мінулага года паўстала пытанне пра ўключэнне мельдонія ў спіс забароненых прэпаратаў, мы яго з «рацыёну» выключылі», — пракаментаваў сітуацыю «Трыбуне» намеснік старшыні Беларускай федэрацыі таэквандо Андрэй Чучвал.
«Сіла самастойна дакладна не ўжываў мяльдоній», — упэўнены Чучвал.
«Сіла і яго асабісты трэнер прайшлі абследаванне на паліграфе — у іх памяці няма інфармацыі аб ужыванні якога-небудзь допінгу. То бок траплянне забароненага прэпарата ў арганізм не звязана з іх свядомасцю», — дадаў чыноўнік.
У панядзелак беларуская дэлегацыя па таэквандо павінна была вылецець у Рыа для ўдзелу ў Алімпійскіх Гульнях. Ці прыме цяпер удзел у галоўным старце чатырохгоддзя наш першы прадстаўнік — вялікае пытанне.
Арман-Маршал Сіла нарадзіўся 13 ліпеня 1994 года ў Менску. Выступае ў катэгорыі звыш 87 кг. Быў чэмпіёнам Еўропы ў 2014 і 2016 гадах.