У Берасці і Гародні экалагічная акцыя “Зробім разам”
Актывісты экалагічнага руху з Гародні ды ўсе неабыякавыя гарадзенцы бяруць ўдзел у кампаніі “Зробім Гародню чыстай!”. Акцыя адбываецца ў рамках так званага міжнароднага глабальнага прыбірання “Зробім!”, якая доўжыцца цягам месяцу. У час правядзення акцыі гарадзенцы прыбяруць розныя зоны адпачынку ў горадзе ды іншыя месцы, якія патрабуюць навядзення чысціні.
Кажа актывіст кампаніі “Экалайн” Андрэй:
– Кожную суботу мы збіраемся і ідзем прыбіраць лясны масіў ад бытавых адкідаў, якія пакідаюць людзі пасля сябе падчас адпачынку, або проста вывозяць смецце ў лес. Гэта ініцыятыва арганізавана для прыборкі ляснога масіву. Мы робім гэта, таму што клапоцімся пра экалогію. Гэта важна для нас, бо прырода – наш асноўны скарб, які мы маем.
Да акцыі могуць далучыцца ўсе ахвотныя. Інфармацыю пра час і месца правядзення можна атрымаць у сацыяльнай сетцы “У кантакце”.
[Not a valid template]
Фота Савелія Малчанава
* * *
Да сусветнага прыбірання “Зробім разам” прапануюць далучыцца прадстаўнікі арганізацыі “Экадом” у Берасці. Акцыя ладзіцца ў гэтыя выходныя. Кожны, хто ставіцца з павагай і клапоціцца пра навакольнае асяроддзе, павінен выйсці на ўборку тэрыторыі вакол свайго дома, або ў сваім раёне.
Адзін з ініцытараў правядзення акцыі ў Берасці Андрэй Прыгон упэўнены, што кожны з нас можа палепшыць экалагічныя ўмовы сваго горада:
– Было б выдатна, калі б кожны грамадзянін прыбраў бы нейкую тэрыторыю, таму што камунальныя службы няздольныя паўсюль прыбраць, хаця многія гавораць, што я плачу падаткі, таму няхай гэтым займаюцца камунальныя службы. Але вось валяюцца на зямлі недапалкі, гэта праблема не камунальных службаў, а праблема таго, што чалавек проста выкінуў пад ногі смецце, хоць побач была сметніца.
Шмат смецця засталося таксама ў лясным масіве пасля летняга адпачынку, таму Андрэй Прыгон заклікае людзей не заставацца абыякавымі да навакольнага асяроддзя.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота forum.pressball.by