Расея — краіна з найгоршай рэпутацыяй



Кансалтынгавая фірма з Бостана ў ЗША (Reputation Institute) правяла апытанне датычнае рэпутацыі 70-ці краін свету. Яно праводзілася ў першым квартале бягучага года сярод 58 тысяч жыхароў краін «вялікай васмёркі». На вялікі жаль, Беларусь не трапіла ў гэты спіс.

Рэспандэнты з ЗША, Францыі, Японіі, Канады, ФРГ, Расеі, Вялікай Брытаніі і Італіі давалі асобным краінам ад 0 да 100 пунктаў паводле чатырох катэгорыяў: дрэнная да 40 пунктаў, слабая — да 60, памяркоўная — да 70 і моцная — ад 70-ці да 100 пунктаў. На рэйтынг краін мелі ўплыў 16 розных чыннікаў, у тым ліку: памер валавога ўнутранага прадукта, колькасць насельніцтва, стан бяспекі, прыгажосць прыроды, сацыяльная палітыка, гасціннасць у дачыненні да прыезджых, важныя падзеі ў бягучым годзе, распазнавальнасць на міжнароднай арэне.

На рэпутацыю ўплываюць многія чыннікі: палітычныя, эканамічныя і звязаныя са стылем жыцця. Такім чынам краіна выпрацоўвае сабе рэпутацыю ў свеце, якая мае ўплыў не толькі на турызм, але прыцягвае таксама замежныя інвестыцыі. Высокая рэпутацыя мае ўплыў на замежную палітыку і гандаль. Даследаванне праведзенае «Reputation Institute» паказвае, што рэпутацыя краіны не залежыць ад яе тэрыторыі, колькасці насельніцтва ці эканомікі. ЗША маюць найвялікшы ў свеце валавы ўнутраны прадукт, краіна займае 4-е месца ў свеце па тэрыторыі, 3-е па колькасці насельніцтва, але ў спісе патрапіла ў разрад краін са слабой рэпутацыяй займаючы ўсяго 28-е месца, дарэчы за Польшчай.

Краінай з найлепшай рэпутацыяй у свеце ў бягучым годзе стала Швецыя. Чарговыя месцы за ёю занялі: Канада, Швейцарыя, Аўстралія, Нарвегія, Фінляндыя. Першую 14-ку краін з «моцнай рэпутацыяй» замыкаюць Вялікабрытанія і Японія. Усе яны атрымалі ад 71 да 78 пунктаў. Поўнай соткі не атрымала ніводная краіна. У катэгорыі краін з «памяркоўнай» рэпутацыяй знайшліся 6 краін пачынаючы з Францыі і завяршаючы Сінгапурам. Яны атрымалі звыш 60 пунктаў. Самая шматлікая катэгорыя краін са «слабой рэпутацыяй». Яны атрымалі ад 40 да 60-ці пунктаў. Вось у гэтым разрадзе апынуліся такія вялікія краіны як ЗША, Кітай, Бразілія, Індыя, але таксама Куба, Украіна і Казахстан. Затое шасцёрка краін з найгоршай рэпутацыяй пачынаючы ад канца гэта: Ірак, Іран, Саудаўская Аравія, Пакістан, Нігерыя і Расея. Яе на 6 месцаў апярэдзіла нават Украіна. Яны атрымалі ад 24-х да 40 пунктаў.

Цікава, што ў выпадку некаторых краін, розніца ў тым, як бачаць краіны іншыя, а як самі грамадзяне — каласальная. Расейцы прызналі сабе амаль 81 пункт, чаго не атрымала ніводная краіна ў свеце, затое замежныя даследчыкі далі ёй няцэлыя 40 пунктаў. Тут заўважная тая расейская манія велічы і зазнайства, якім не бачаць абгрунтавання іншыя краіны. Падобная сітуацыя з Кітаем ды Індыяй. У прыватнасці кітайцы ганарацца сваёй эканомікай і лічаць сваю краіну бяспечнай ды прывабнай для жыцця. У выпадку трох краін: Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, Італіі і Бразіліі сітуацыя адваротная. Іх жыхары значна горш ацэньваюць свае краіны чым гэта вынікае з даследавання.

На вялікі жаль, сярод 70-ці краін не знайшлося месца для Беларусі. На сайце Інстытута я не знайшоў ніякага абгрунтавання, чаму там улічаныя такія краіны як Порта Рыка і Катар, але няма значна большых і заўважных краін. Думаю, што калі б у спісе і знайшлася Беларусь, яна была б у разрадзе краін са слабой рэпутацыяй, але напэўна лепшай чым у Расеі. Затое ведаючы схільнасць беларусаў да паныласці і наракання, яны напэўна ацанілі б сваю краіну горш, чым яе бачаць звонку.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ