Актывіст абскарджвае затрыманне за Пагоню



Сябар Руху “За Свабоду” Сяржук Бахун працягвае судзіцца з Барысаўскай міліцыяй. Грамадскі дзяяч намагаецца прыцягнуць да адказнасці міліцыянтаў, пратрымаўшых Бахуна ў пастарунку падчас футбольнага матчу з удзелам барысаўскага “БАТЭ”. Фактычнай падставай для затрымання стаў шалік з выявай герба “Пагоня”. “У дадзены момант я рыхтую скаргу ў Вярхоўны суд,” – гаворыць Сяржук Бахун.

– У залежнасці ад таго якім будзе рашэнне Вярхоўнага суда, прымаецца рашэнне падаваць скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН, альбо не падаваць. Пагоня – гісторыка-культурніцкая каштоўнасць, яна знаходзіцца на гербах беларускіх гарадоў і абласцей.

“Абавязкова буду і далей апранаць шалік з “Пагоняй” на іншыя матчы,” – дадаў Сяржук Бахун. Выява “Пагоні” доўгі час негалосна была пад забаронай на спартовых мерапрыемствах. У 2015 годзе пасля затрыманняў заўзятараў на матчы нацыянальнай зборнай за сімволіку з “Пагоняй”, міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч адзначыў, што сімволіка не з’яўляецца забароненай. Наступны матч нацыянальная зборная па футболе правядзе ў Барысаве 6-га верасня супраць зборнай Францыі.

Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя