Колькасць кандыдатаў у дэпутаты павялічылася да 524



Колькасць кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў павялічылася да 524 чалавек.

Лічба зарэгістраваных прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат павялічылася пасля разгляду скаргаў на адмову ў рэгістрацыі, якія прымаліся акруговымі выбарчымі камісіямі.

Паводле звестак на 12 жніўня, быў зарэгістраваны 521 кандыдат у дэпутаты.

На прэс-канферэнцыі 16 жніўня старшыня Цэнтральнай камісіі Лідзія Ярмошына паведаміла пра станоўчы разгляд скаргі прадстаўніка Ліберальна-дэмакратычнай партыі Барыса Аляшкова, які балаціруецца па Магілёўскай-Кастрычніцкай выбарчай акрузе № 86.

18 жніўня Гарадзенскі абласны суд задаволіў скаргу актывіста кампаніі „Гавары праўду” Сяргея Мякеку на рашэнне абласной выбарчай камісіі аб адмове ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты. Суд абавязаў акруговую камісію зарэгістраваць Мякеку кандыдатам у дэпутаты па Гарадзенскай-Ленінскай акрузе № 52, паведаміла прэс-служба „ГП”.

У гэты ж дзень суд прыняў рашэнне аб задавальненні скаргі актывіста па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Антона Вайцяхова, які балаціруецца ў Гарадзенскай вобласці па Дзятлаўскай акрузе № 56, паведаміла прэс-служба БХД.

Колькасць кандыдатаў у дэпутаты можа змяняцца і надалей. Раней у ЦВК не выключалі, што асобныя прэтэндэнты на дэпутацкі мандат здымуцца з выбараў.

Парламенцкія выбары адбудуцца 11 верасня.

БелаПАН