«Гэта не апазіцыя слабая — гэта вы слабыя»



Кандыдат у дэпутаты ад АГП, рэжысёр і аўтар праграмы «Эксперт» на «Белсаце» Юры Хашчавацкі звярнуўся да выбарцаў у эфіры тэлеканала «Беларусь-3».

Юры Хашчавацкі балатуецца ў Менску па Свіслацкай выбарчай акрузе № 93.

Першым тэлевізійны выступ рэжысёра апублікаваў на сваім Youtube-акаўнце журналіст Ягор Марціновіч. Пазней відэа было заблакаванае.

Выступаючы на «Беларусі-3» Юры Хашчавацкі пералічыў шэраг важных праблемаў, якія часта абмяркоўваюць беларусы: рост коштаў, вялікія выдаткі на будаўніцтва рэзідэнцый прэзідэнта, на ўтрыманне войска і чыноўнікаў, неабароненасць перад беззаконнем міліцыянтаў, дрэнная якасць бясплатнай медыцыны, ад якой «хочацца плакаць», дарагая адукацыя для дзяцей.

«Упэўнены, што вы кожны дзень хоць раз пра гэта думаеце, але вы нічога не робіце, каб усё гэта змяніць, – звярнуўся Хашчавацкі да выбарцаў. – Вы нічога не зрабілі ў 1996-ым годзе, калі знішчаўся парламент, вы нічога не зрабілі ў 1999-ым, калі сталі знікаць вядомыя палітыкі, вы нічога не зрабілі ў пачатку 2000-ых, калі Лукашэнка падманам прысвоіў сабе права абірацца пажыццёва, вы нічога не зрабілі ў 2010-ым, калі амаль усіх кандыдатаў у прэзідэнты пасадзілі ў турму. І пасля гэтага вы кажаце, што ў нас слабая апазіцыя? Гэта не апазіцыя слабая – гэта вы, мае дарагія суграмадзяне, слабыя. Пара станавіцца моцнымі, час навучыцца падтрымліваць адно аднаго, пара вярнуць сабе пачуццё ўласнай годнасці. І пачаць трэба з таго, каб вярнуць украдзеныя ў вас сумленныя і свабодныя выбары», – падкрэсліў кандыдат.