„Явар” знайшоў камень-прывід?



Этна-гістарычны цэнтр “Явар” здзейсніў чарговую экспедыцыю. Гэтым разам былі даследаваныя аб’екты сакральнай геаграфіі на Віцебшчыне. Пра камень-прывід навукоўцам з Менска распавядаў тамтэйшы гісторык, краязнаўца з Мёраў Вітольд Ермалёнак.

– Мясцовыя людзі з вёскі Чаравік сказалі, што тут быў камень. І польскія навукоўцы шукалі яго. Людзі кажуць, што была меліярацыя, і, магчыма, яго знішчылі. Спрабавалі шукаць яго. А людзі кажуць, што гэта камень-прывід, які можа ўзнікаць і знікаць. І расказвалі людзі, што калі гэты камень раней ляжаў бліжэй да дарогі, то конь мог зламаць нагу, хоць ён ляжаў не на самой дарозе, а побач. Камень мог “вандраваць”. І вось толькі ў тым годзе мы нібыта знайшлі гэты камень. Тое, што вы бачыце зараз, – гэта тое, што мы адкапалі.

“Явар” – грамадскае аб’яднанне, у якое ўваходзяць этнографы, знаўцы міфалогіі, журналісты, пісьменнікі і проста аматары беларускай традыцыйнай культуры. Людзі ўласным коштам ладзяць даследчыцкія экспедыцыі, каб зафіксаваць і ўвесці ў навуковы ўжытак аб’екты сакральнай геаграфіі Беларусі.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя