Мікалай Статкевіч не хоча, каб Лідзія Ярмошына апынулася ў калоніі



Нядаўна, маючы на ўвазе былога палітвязня, старшыня Цэнтрвыбаркама заявіла, што турма таго нічому не навучыла. Паводле ацэнкі Ярмошынай, акцыі апазіцыі – галоўная пагроза для сёлетніх выбараў. Статкевіч плануе правесці такую акцыю на наступны дзень пасля асноўнага дня галасавання, 12 верасня.

— Спадзяюся, што ўсё ж такі спадарыня Ярмошына спыніць свой палітычны імпэт забаронены законам, бо я не злосны чалавек і не хацеў, каб у гадах жанчына на пенсіі апынулася ў калоніі. Яна робіць усё магчымае, каб зрабіцца нейкім адмоўным, негатыўным сімвалам. І калі дойдзе да змены ўлады, то шчыра кажу: я баюся за яе свабоду.   

Таксама Ярмошына параўнала новага фігуранта справы па Плошчы 2010 года Уладзіміра Кондруся з тэрарыстам. Статкевіч жа лічыць яго героем:

— І ён гэта даказаў. Гэтага чалавека абразілі, і абразілі настолькі, што ён гатовы быў памерці. Бо дайсці да комы… Уяўляеце як яму было? Ён галадае, памірае, а гэтыя, я ж ведаю гэтых людзей, ходзяць вакол: «Ну што твае цябе здалі? Цябе ўсе лічаць правакатарам. Падыхай, мы цябе тут у двары закапаем». 

Па словах Мікалая Статкевіча, любое змаганне за свабоду ёсць правакацыяй, і многія краіны праз гэта прайшлі. Свабода павінна быць аплачанай.

Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя