Парламенцкія выбары ў акупаваным Крыме (абноўлена)
У акупаваным Крыме прайшлі парламенцкія выбары. Крымчукі абіралі парламент ды ўсе муніцыпальныя органы ўлады.
Пры гэтым значная часка крымскіх татараў не пайшла на выбары, многія пайшлі, але сапсавалі выбарчы бюлетэнь. На некаторых бюлетэнях былі надпісы „Слава Украіне!“, або „Пуцін, вярні Крым на месца“. У час выбараў адзначаліся шматлікія факты, калі людзі не знаходзілі сябе ў спісах.
Міністэрства замежных спраў Украіны заклікала міжнародную супольнасць асудзіць правядзенне выбараў, якія лічыць нелегітымнымі і нікчэмнымі.
* * *
Ацаніць удзел прадстаўнікоў крымска-татарскага народу ў гэтых выбарах – складана, адзначае намеснік кіраўніка прадстаўнічага органу крымскіх татараў Нарыман Джэлялаў, паколькі не праводзіцца маніторынг на выбарах. Ён лічыць, што ўлады будуць фальшаваць вынікі выбараў:
– Я лічу, што ў выбарах возьме ўдзел каля 20% крымскіх татараў. Кіраўнікі Меджліса некалькіх рэгіёнаў адкрыта пайшлі на супрацоўніцтва з ўладамі, актыўна працуюць і нават займаюць пэўныя пасады ў структурах улады.
Пры гэтым значная часка крымскіх татараў не пойдзе на выбары, частка заяўляе, што пойдзе на выбары, але сапсуе выбарчы бюлетэнь – дадае Нарыман Джэлялаў. Пры гэтым ён адзначае, што гэтыя выбары нічога практычна не вырашаюць для татараў:
– Большасць лічыць, што выбары не дастаткова правільна арганізаваныя, таму што яны былі перанесены амаль на паўгода раней, і большасць жыхароў Крыма не ўяўляе сабе якія палітычныя партыі, з чым яны ідуць на выбары. У нас як такой няма апазіцыі.
Як паведамляе „Украінская праўда“, на „выбарах“ у Дзяржаўную раду Рэспублікі Крым і Севастопальскія гарадскія заканадаўчыя сходы крымчукам дазволілі галасаваць па расейскіх, украінскіх і нават савецкіх пашпартах.
Бюлетэні для галасавання надрукаваныя на трох мовах – расейскай, украінскай і крымска-татарскай.
* * *
Сёння ў акупаваным Крыме праходзяць парламенцкія выбары. Крымчукі абіраюць парламент ды ўсе муніцыпальныя органы ўлады. Як паведамляе УНІАН, большасць крымскіх татараў будзе байкатаваць гэтыя выбары. Да байкоту заклікаў раней старшыня парламенту крымска-татарскага народу – Меджлісу – Рэфат Чубараў.
У выніку анексіі Расеяй Крыму, шмат людзей пакінулі паўвыспу, адзначае Ленур Керымаў з Хельсінкскага фонду правоў чалавека ў Варшаве:
– Па афіцыйных дадзеных, Крым пакінула каля 15 тысяч чалавек, зразумела, што не ўсе з іх крымскія татары. Я размаўляў з прадстаўнікамі арганізацыі, якая дапамагае бежанцам з Крыма, яны чакалі, што якраз перад пачаткам навучальнага года і напярэдадні зімы будзе чарговая хваля ўцекачоў з Крыма. Зразумела, што няма непасрэднай небяспекі для ўсіх. Але для больш актыўнай часткі, якая брала ўдзел у грамадскім жыцці, сітуацыя непрыемная і выклікае асцярогу.
Паведамляецца, што з 15-20 тысяч чалавек, якія пакінулі Крым, каля паловы – татары. Паводле кіраўніцтва Меджлісу і праваабаронцаў, працягваецца ціск на крымскіх татараў, а таксама на незалежныя СМІ на паўвыспе.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота offnews.bg