“У каго вышэй?”
Такую кампанію распачалі раварысты Берасця. Аўтары ідэі – прадстаўнікі кампаніі “За вела Берасце”. Справа ў тым, што многа роварных дарожак у абласным цэнтры не адпавядаюць нормам, месцамі вышыня бардзюраў дасягае амаль 15-ці сантыметраў. Актывісты заклікаюць фіксаваць гэтыя парушэнні на фота і відэа, каб накіроўваць пазней у адпаведныя службы.
Расказвае адзін з каардынатараў кампаніі Уладзімір Красько:
– Наша мэта – сабраць як мінімум 20 фотафактаў месцаў, дзе парушаюцца будаўнічыя нормы, і бардзюры перавышаюць адведзеныя 4 см. Збіраемся перадаць здымкі ў адпаведныя органы для рэагавання, каб такія бардзюры зрабілі меншымі ці зрабілі б для іх адмысловыя пандусы.
Як адзначыў Уладзімір Красько, у планах акцыі – таксама рассылка падобных фота ў электронныя сродкі масавай інфармацыі ў Берасці. Актывісты гэта зробяць дзеля таго, каб праінфармаваць жыхароў горада пра такую праблему.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота Генадзя Казлоўскага